Калі цябе спаткае казка…. Ганна Навасельцава
дзе я хавалася, раптам хлоп на мяне сіло, не чарадзейнае, звычайнае, але ж не выблытацца з такога! Тарганулася туды-сюды – аніяк. Трэба было сябраваць і з кустоўнікам, які вунь хуценька хаваецца за хату, мільганула запозненая думка.
А бабка ўзрадавана плешча ў ладкі:
– Папалася, зладзейка лясная, чарадзейка злая! Добра мы прыдумалі: дзед пайшоў з хаты, каб вочы табе адвесці, а я ж цябе паймала. Аддамо вадзяному каралевічу, дык ён нас прабачыць, а яшчэ будзе нам удосталь рыбы!
– От, бабка, будзе табе радасць, – кажу на гэта. – Раніцай рыба, удзень рыбка, а ўвечары рыбіна! Адно не буду, рыжая, прыгожая, па лясных сцяжынках хадзіць, табе з дзедам гаварыць: «Жывіце ладна ды згодна».
– А калі ты нам такое казала? – не паверыла бабка.
Неўзабаве і дзед прытупаў. З таго, што ў пастцы сяджу, радуецца, як самаму вялікаму святу:
– А будзе ж нам рыба!
– Будзе, дзедку! Раніцай рыба, удзень рыбка, а ўвечары рыбіна! Адно не буду, рыжая, чарадзейная, па лясных сцежках хадзіць, цябе з бабай весяліць…
– Гэта ж калі ты нас весяліла? – запытаўся дзед з бабай, падхапіў мяне ды ў пастцы панёс да возера.
Там жа нас вадзяны каралевіч сустракае, проста на бераг выходзіць. І не дзівяцца таму дзед і баба, а не нарадуюцца з такога гонару. Ужо ў думках рыбу лічаць.
– А ён па зямлі, як па вадзе, ходзіць, – кажу, хоць ніхто і не прасіў.
– А яна бабу з дзедам сварыць. Шкодзіць, – глядзіць мне ў вочы каралевіч.
– Злая, злая чарадзейка, – зацягнуў сваё дзед з бабай.
– Чарадзейка, – пагадзіўся каралевіч, і як чары азёрныя адгукнуліся, да мяне пацягнуліся, з пасткі вызвалілі.
Аблічча маё чалавечае вярнулі. Эх, з такой ахвотай удавалася рыжай шкоднай лісою… І хвосцік такі прывабны быў, і вушкі, і лапкі…
– Ты і цяпер шкодная… і вабная, – гэта каралевіч. – Будзе з каго цешыцца вялікім азёрам, будзе каго берагчы…
– Ты? – як ачомаўся дзед з бабай. – Тая самая… Па лясах хадзіла, людзей дзівіла. Не змянілася, не пастарэла, – і вачыма, нібы рыбіны, лыпаюць.
Ды раптам бабка як падскочыць:
– Ты ў чарадзейку тую… гэтую быў закаханы, ёлупень малады! Мяне хацеў кінуць!
– А ты мяне падманула, гюрза старая. З пачуццяў, што не да цябе, смяялася, сабе ўвесь век слугаваць прымусіла!
– Слугаваць прымусіла? Ды гэта я для цябе ўсё рабіла! Каб ты на чарцей так рабіў!
– Я не рабіў? Ды я табе штодня рыбы вунь колькі цягаю. Злыдня ты, баба!
– Хлус ты, дзед! – І пабегла дадому, а дзед за ёю.
Нават рыбы як паболей прасіць забыліся.
ШЭРА-ШЭРАНЬКІ…
– Воўк-ваўчок шэранькі! Прыходзь-прыбягай, мяне забірай! Нясі хутка, імчы далёка. У дарозе не спыняйся, людзей не пужайся… Знясі туды, дзе лёс мой чакае!
Чаго? Аж падскочыў з неспадзяванкі. Тое праўда, быў заўсёды шэрым-шэрым. Вочы праніклівыя, кіпцюры жахлівыя. Голас людскі мне чуваць праз лясы-пералескі, шлях аніводны ад мяне ж не схаваецца. Спрытны-хіжы. Усіх палохаю. І ночку цёмную, непраглядную