Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры. Альгерд Бахарэвiч
за сваё. На мяне ніколі не ўплывала беларуская літаратурная традыцыя – хіба што я часам карыстаўся ёй, каб паіранізаваць і паскандаліць, пазлаваць дурняў і фанатыкаў. Мае любімыя пісьменьнікі даўно памерлі – ня тут. Яны тут наогул ніколі не бывалі і не падазравалі пра нашае існаваньне.
Паўтару: усе мае любімыя пісьменьнікі даўно памерлі.
Гэта па-першае.
Па-другое, я думаю, што толькі тым, у каго любімыя пісьменьнікі даўно памерлі, варта пісаць нешта сваё.
Ну, і трэцяе, самае важнае.
Каб дасягнуць нечага, пакуль твае любімыя пісьменьнікі яшчэ жывыя, трэба заслужыць любоў фраў Лёты Шпайзэнбэрг, якая вандруе недзе паміж Москаў і Мюнстэрам. Фраў Шпайзэнбэрг перакладае з усіх моваў, якіх, як вядома, усяго тры. Фраў Шпайзэнбэрг чытала ўсё на сьвеце, ад Пялевіна да Алексіевіч. Фраў Шпайзэнбэрг ведае наш рэгіён як свае пяць пальцаў: яна два дні была ў Менску, паўдня ў Горадні і тры гадзіны ў Маладзечне. Плюс месяц ў Тбілісі і дзьве гадзіны ў кіеўскім аэрапорце. Фраў Шпайзэнбэрг зробіць з вас зорку. Таму парада маладым літаратарам: калі фраў Шпайзэнбэрг завітае ў ваш горад, адшкадуйце грошыкаў і купіце ёй букет архідэяў. Па-мойму, яна любіць блакітныя. Коратка прадстаўцеся, скажыце ёй, што тут няма каго чытаць і няма пра што пісаць, і што ўся Беларусь гадамі чакала яе як збаўцу. Сэрца фраў Шпайзэнбэрг не жалезнае. Яно з парцаляны. Здаецца, па-расейску гэта значыць «фарфор».
Што да мэсьё Арэвуара, дык яму да фраў Шпайзэнбэрг як да месяца. Бо ў параўнаньні зь ёй ён не зрабіў анічога. Ён ніколі не завітае ў ваш горад. “На архідэях таксама можна эканоміць” – вось неблагая мэтафара беларуска-францускіх літаратурных сувязяў.
Твае вершы таксама расьлі ня тут. Іх радзіма – англасаксонскі паэтычны сьвет, парасткі якога сьмела пасаджаныя табой на цнатлівую глебу нашай мовы. Ты таксама тут чужая – і гэта найлепшы стан для творчасьці. Тое, што мы пішам, у нейкім сэнсе пераклад: з моваў, дзякуючы якім мы некалі адкрылі для сябе літаратуру.
Мы злыя. Мы небеларускія. Мы расстаўляем словы так, каб пакрыўдзіць, каб было балюча нам і іншым. Мы любім пісаць пра сваё, як пра чужое, і пра чужое, як пра сваё. Мы зьмяшалі ўсё гэта так безнадзейна, што нікому ўжо не разабрацца, і каб нешта зразумець, ім давядзецца браць іншыя інструмэнты. Якіх у іх няма – на нашай радзіме такіх не вырабляюць. І вось ты мне падказваеш цытату – з Одры Лорд: “Інструмэнты гаспадара ніколі не разбураць гаспадарскі дом”.
Я думаю, што самы беларускі пісьменьнік з усіх, хто некалі пісаў – гэта Джойс. Ён сказаў пра нас столькі, колькі мы дагэтуль не сказалі пра саміх сябе. Каб сказаць усё гэта, яму трэба было пакінуць Дублін – так і мне, каб гаварыць, трэба быць як мага далей ад сваіх.
«– …Les gens qui savent disent que c’est une fameuse langue.
– Fameuse n’est pas le mot. Une pure merveille».
Гэты ўрывак, размова Стывэна, Малігана і ангельца Гэйнса са старой малочніцай – хіба гэта не абсалютна беларускі сюжэт?
“Разьбітае люстэрка служанкі – сымбаль ірляндзкага мастацтва”. І беларускага, Яўхіме Вясёлы. І беларускага.