Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры. Альгерд Бахарэвiч
у Парыж амаль кантрабандай. Вось мы з табой заходзім у нашую кнігарню “Shakespeare and Company”. І ў вочы адразу кідаецца чорная тоўстая кніжка, што ляжыць недалёка ад касы: анталёгія “Best European Fiction-2016”, выдадзеная ў Амэрыцы. У ёй – маё апавяданьне “Талент заіканьня”, перакладзенае на ангельскую Верай Рыч. Мы бачыліся зь ёй толькі аднойчы, у Брусэлі. На ёй было чорнае паліто, прыгожа засыпанае кацінай поўсьцю. Яна пахла коцікамі і геніяльнасьцю. Вера Рыч курыла мужчынскія цыгарэты, мы выпілі па каве і памаўчалі. А потым яна памерла. І вось цяпер дзякуючы яе перакладу я – адзіны беларускамоўны аўтар, тэксты якога мы за месяц знайшлі ў Парыжы, хай сабе і па-ангельску. Яшчэ ў расейскай кнігарні на авэню дэ Вальтэр мы бачылі Сьвятлану Алексіевіч у трох тамах, а на днях расейскай кнігі ў Парыжы, кажуць, будзе прэзэнтавацца і намінавацца на прэмію пераклад ці то з расейскай, ці то зь нямецкай на францускую “Гораду Сонца” Артура Клінава. Вось і ўсё. Адзін “Талент заіканьня” на ўвесь Парыж.
“Shakespeare and Company” у Парыжы – гэта нашая парыская кнігарня ЛогвінаЎ, нашая тутэйшая кнігарня Галіяфы, нашая Кнігарня пісьменьніка і нашая кнігарня “Веды” ў Сталіцы сьвету. Мы ходзім туды па панядзелках – як і ў Менску кожны тыдзень хадзілі на імпрэзы, але тут ня мы – героі, тут нас ніхто ня ведае. Можна, вядома, задраць нос: “Я суайчыньнік Купалы!” – але што гэта значыць, Coupala, ня ведаюць нават прафэсары Сарбоны. Парыж вылечыць вас ад ілюзій – калі ўжо Менск падаецца вам такім непераканаўчым.
Кнігарню ангельскамоўнай літаратуры “Shakespeare and Company” (паспрабуем уявіць сабе ў цэнтры Менску магазінчык “Купала і прыяцелі”) заснавалі ў 20-х гадах амэрыканка Сыльвія Біч і яе сяброўка, а мо і каханка, а мо і тое, і другое: Адрыен Манье. Тут прэзэнтаваў свае кніжкі Джойс, тут бывалі ўсе зоркі эўрапейскай літаратуры, тут знаходзіўся цэнтр парыскай літаратурнай эміграцыі з англамоўнага сьвету, цэнтр, ад якога па ўсёй даваеннай Эўропе разыходзіліся такія шырокія і важныя колы, што мы адчуваем іх дагэтуль. Спачатку кнігарня стаяла на rue Dupuytren, а недзе зь пяцідзясятых гадоў яна месьціцца паблізу ад Нотр-Дам – перайдзіце мост, павярніце налева, не азірайцеся, калі вас паклічуць з рэстарацыі – і вы пабачыце зялёную з жоўтым стылёвую шыльду. А лепш заблукайце, наплюйце, забудзьце – я раўную да нашай “Shakespeare and Company” любога, хто набліжаецца да яе бліжэй чым за дзесяць мэтраў. Гэта нашая з табой кнігарня. Беларусам і рэтраградам уваход забаронены.
Як і Купалу – у сьвет эўрапейскіх літаратурных знакамітасьцяў. Хоць ён цалкам заслугоўвае месца хаця б побач з Прэшэрнам і Пэтэфі. Ягоных “Паяжджанаў” можна цытаваць разам з найлепшай паэзіяй дваццатага стагодзьдзя – а ягоная паэма “Над ракой Арэсай” магла б заняць першае месца ў сьпісе самых бяздарных паэм, створаных няшчаснымі людзьмі ў часы дыктатуры.
Калі думаеш пра Парыж у Купалы – адразу згадваеш гатэль. Гатэль “Парыж” з купалаўскай п’есы “Тутэйшыя”, дзеяньне якой сягае часоў рэвалюцыі і “польскай акупацыі”.
Правінцыйных гарадоў у Расейскай імпэрыі, якія б ня мелі гатэлю “Парыж”,