Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры. Альгерд Бахарэвiч
рэчы ўсе там складаў.
НАЧАЛЬНІК. Мы ўсё-такі маленькія агледзіны зробім вашых рэчаў, каб часам памылкова не запуталіся між імі і чужыя. (Робяць збольшага рэвізію. Начальнік знаходзіць кошык з бутэлькамі.) А гэта не награбленая гарэлка?
МІКІТА (набок). Оеей! Оеей! зусім прапаў і з костачкамі нават. (Да Начальніка.) Гэта… гэта не гарэлка, а, меджду протчым, лікёр пазнанскі, ваша таварыскасьць. На гандаль купіў, на свабодны гандаль, меджду протчым”.
Рэвалюцыі ўсе на адзін твар. Як гатэлі. Гэткі самы дыялёг мог бы адбывацца ў Парыжы часоў Вялікага Францускага Закалоту або ў эпоху Камуны – і ў зваротах Зноска да начальства чуюцца тыповыя безгустоўныя рэвалюцыйныя наватворы. “Вашая чырвонасьць” – гэта амаль як тэрмідор, а мамзэлі бяз формы – гэта, відавочна, Свабоды на барыкадах, у якіх зьявілася вольная хвілінка. У такія хвілінкі і лезе ў вялікую гісторыю маленькі чалавек, яе ахвяра і яе любімы гатунак мяса.
9. Рэчы. Дотыкі. Сьмерць
Чалавек асуджаны дзяліцца сваім цяплом – нават праз час і насуперак часу. Чым бліжэйшыя мы да сьмерці, тым цяплейшымі робяцца нашыя рэчы – быццам тыя дотыкі, якімі мы іх так абыякава адорваем, застаюцца жыць на рэчах дзеля іхных будучых уладальнікаў. Таму мы так любім блышыныя рынкі – бярэш у рукі старую попельніцу або відэлец, разгортваеш сырую, пахкую кнігу, цалуеш незапамятных часоў люльку, узіраешся ў жоўты фатаздымак, на якім даўно памерлая дзяўчынка робіць свае першыя крокі, – і не адразу, але рэч пачынае грэць душу, у ёй займаецца, тлее непрыкметны цьмяны агеньчык, і цябе ахінаюць цёплыя абдымкі чужога, даўно завершанага жыцьця. Нібы нехта нябачны дакрануўся да цябе кончыкамі пальцаў, нехта невідушчы намацаў у паўзмроку тваю скуру, твае вочы, тваю замерлую ад душнага і цёплага жаху душу.
У нашай любові да старых рэчаў ёсьць ціхая і бяскрыўдная нэкрафілія, любоў да мёртвага апалага лісьця, да трупнага паху паркаў, да восені матэрыі і яе апошніх зімовых сьлядоў. Нейкая прага ўдзелу ў незваротных і маркотных мэтамарфозах, якія адбываюцца навокал. Сьвет памерлых кліча нас неразборлівым шэптам, і пакуль мы трымаем рэчы ў руках, цяпло струменіць у нас паміж пальцаў. На блышыных рынках хочацца хадзіць моўчкі, каб улавіць гэты шэпт, гэтае цёплае дыханьне рэчаў, ад якога не застаецца сьлядоў – ні на шкле, ні на лбе, ні ў памяці.
Хто ведае, мо недзе тут, у бясконцых папяровых горах, хаваецца дзіўная паштоўка, выдадзеная ў Парыжы ў самым пачатку дваццатага стагодзьдзя: мурзатыя сялянскія дзеці, а ўнізе надпіс па-расейску: БЕЛОРУССЫ. Хто яе выдаў і навошта? Цяпер гэта скарб для калекцыянэраў-філякартыстаў, а тады, напэўна, успрымалася прыкладна так, як прывет з Афрыкі. Экзотыка…
У Парыжы шмат блышыных рынкаў – гэта горад вялікай гісторыі, а значыць, горад сьмерці, ведаў і рэчаў. Усе буйныя эўрапейскія гарады такія. У Менску адчуваецца брак букіністыкі і антыкварыяту, і блышыны рынак там толькі адзін, дый той ледзь дыхае. Менск баіцца гісторыі. Менск ня хоча нічога ведаць пра сябе і іншых, ня хоча прымаць сьмерць, ня хоча памятаць. Менск ня любіць рэчаў,