Каханні. Дваццаць рэальных гісторый. Ніна Лістота
Да таго ж хударлявая, з доўгімі каштанавымі валасамі. Увечары Ядвіся ўсё-такі расставалася са сваімі карцінамі, каб прапусціць па шклянцы віна разам з сяброўкай, патанчыць у бары. Чаму ж не? І мужчыны часам вынырвалі з гэтай багны аднастайных вечароў. Ды чамусьці не затрымліваліся надоўга. Мажліва, ёй не хапала ні часу, ні жадання на тое, каб іх прыручыць? У майстэрні і дома чакала штосьці больш блізкае ― яе карціны.
Але аднойчы ўсё склалася. Яны пазнаёміліся, як гэта часта бывае, у кампаніі агульных сяброў. Прыгледзеліся адно да аднаго і вырашылі, што можна спрабаваць пабудаваць нешта разам.
Сяргей працаваў інжынерам на мясцовым заводзе. З творчасцю зазвычай не сутыкаўся ― яго свет быў абсалютна тэхнічным і лагічным. Але ў сустрэчах з мастачкай ён бачыў пэўную экзатычнасць, адценне іншага, недаступнага яму раней свету. Да таго ж Ядвіся, бясспрэчна, была вельмі сімпатычнай ― падобнай да галівудскай актрысы. Нізкі голас каханкі выклікаў у Сяргея дрыжыкі ― адразу хацелася пацалаваць.
Ён першым прамовіў запаветнае «кахаю». Яна адказала тым жа. Неўзабаве згулялі вяселле. Сэрца мастачкі атрымала прытулак, а ў душы інжынера з’явіўся новы палёт.
…Ядвіся не перастала любіць карціны. Следам за мядовым месяцам на адэскім узбярэжжы прыйшоў час вяртання ў майстэрню да пакінутых так надоўга палотнаў. Яна ўжо засумавала па іх. Мастацтва жыло ў сэрцы і не збіралася нікуды сыходзіць. Зрэшты, жанчына таксама не планавала нешта мяняць.
А мужу было яе мала. Хацелася пастаянна бачыць побач з сабой тую, з якой вырашыў злучыць жыццё. Ядвіся не кожны вечар затрымлівалася ў майстэрні, але ўсё-такі… Сяргей адчуваў, што даводзіцца дзяліць яе ― не з іншым мужчынам, а з захапленнем, з недарэчным хобі, якому яна ўдзяляла так шмат увагі.
Ён лічыў, што ў доме шчаслівых людзей, якім добра адно з адным, павінна пахнуць блінамі, баршчамі. Ядвіся ж не здзіўляла яго кулінарнымі цікавінкамі. Яна меркавала, што дарослы чалавек у стане сам прыгатаваць паесці. І таму не абавязкова некаму іншаму гадзінамі праседжваць на кухні. Часам Ядвіся рабіла нешта смачнае для мужа. Аднак яна даўно вырашыла, што кулінарыя ― не яе моцны бок.
Таму са скуры вон лезці не збіралася, вынаходзячы новыя рэцэпты супоў.
Ішоў час. Незадаволенасць Сяргея расла. Ён усё больш адчуваў сябе пакрыўджаным і абдзеленым увагай каханай жонкі. Яна не была яго вернай спадарожніцай ва ўсім. Часам сыходзіла да сваіх карцін. І гэта не ўкладвалася ў рацыянальны розум інжынера. Дзе яна і чаму не побач? Ці гэтага ён хацеў? Ці пра тое марыў?
Падалі на развод.
Калі я пачула гэту гісторыю пра знаёмую мастачку, была вельмі ўзрушана. Прыйшла дадому і адразу распавяла сваякам пра тое, што карціны і любоў да мастацтваў сталі такой моцнай перашкодай для сямейнай пары. Аднак мая маці, звычайна не схільная да лірыкі, на гэты раз сказала: «Зусім не карціны прынеслі разлад. Проста яны не кахалі. Каб жанчына сапраўды любіла, ёй было б прыемна рабіць ежу для мужа. А каб ён усур’ёз кахаў, то сам гатаваў бы для жонкі».
Прыгожую, як і раней