Рай даўно перанаселены (зборнік). Алена Брава
я шчаслівы, што ты ў мяне ёсць… (Цяжкі ўздых). Як я прагну быць заўжды з табою…»
«Дык чаму, чаму мы дагэтуль не разам?!»
«Яшчэ крыху пачакай, дарагуша…»
Серада:
«Толькі калі ты думаеш пра мяне, я – ёсць, існую… Адбітак у тваіх вачах – гэта я і ёсць… Калі ты глядзіш з захапленнем, я – каралева! Як я сябе тады люблю, як ганаруся сабой! Лячу па горадзе, нібы птушка, хочацца пець: Ён мяне выбраў, мяне! Калі ж вочы твае раўнадушныя, я – нішто, горш за чарвяка расціснутага, ветрам гнанага смецця…»
(Юлечка не хлусіць: яна становіцца матэрыяльным целам, толькі калі чарговы «Ён» кахае яе, у астатні час яна проста фантом. Яна набывае цялеснасць, толькі калі каханы зробіць ласку пакарыстацца гэтым трохі звялым жаночым целам; што да яе душы, яна застаецца незапатрабаванай. Гэты працэс падобны раз’яднанню гогалеўскай Кацярыны на душу і цела, якое спачывае каменным сном, нібыта ў дамавіне, пакуль Чараўнік гутарыць з яе эфірным двайніком. Толькі ў Юлі, гаротніцы, усё наадварот…)
Маўчанне ў адказ: Дарагуша нецярпліва пазірае на талерку з хатнімі пяльменямі, прыгатаванымі жонкай.
Чацвер:
«Сэрца маё, гэта я…»
«А? Каго?! Ёлуп, набірай нумар правільна!» – усё зразумела: побач знаходзіцца жонка.
Пятніца:
«Я мушу быць сёння дома: у сына дзень нараджэння. Але мы з табой адсвяткуем Новы год разам… Ну, не крыўдуй!»
Субота:
«Калі б ты ведала… (ве-е-ельмі цяжкі ўздых)… колькі разоў я пра цябе ўзгадваў…»
«Ты гаворыш так, нібыта жыццё ўжо скончылася».
«Яно для нас толькі пачынаецца!»
Нядзеля, «нарэшце адны». Пасля вячэры яны накіроўваюцца ў ложак.
«На які час паставіць будзільнік?» – пытаецца Юля пасля кулінарыі кахання, старанна прыгатаванай ёю па рэцэптах кнігі «Як задаволіць мужчыну».
«Як сабе хочаш, дарагуша. І не тушы святло».
«Ты сыходзіш?!»
«Я не магу зараз застацца…»
Больш ён не аб’яўляецца, а праз месяц прыходзіць да яе па свой альбом эратычнага масажу (а яна амаль што паспела засвоіць і гэты від баявога [у сэнсе барацьбы за Яго] мастацтва!), нерашуча топчацца ў дзвярах. Вядома, яна ўжо чула, што ў яго з’явілася маладзенькая палюбоўніца, якую ён падабраў, як бяздомнае і зусім не пародзістае шчаня, на гарадскім рынку. «Грамадскае-пераходзячае» за добра зашмальцаваныя махры ўчэпіста схапілі ручкі з ярка наманікюранымі пазногцямі, што прызвычаіліся расцягваць перад пакупніцамі калготкі. Касірка цэнтра, з чыіх саслабелых рук гандлярка выхапіла «дрэўка», ахвотна распавяда-ла ўсім жадаючым слухаць, як, скрипя сердцем (менавіта такі выраз ужывала пані), яна выдае мярзотніцы даплаты «за пашырэнне зоны абслугоўвання» (многія са слухачак добра ведаюць, што гэта за «зона») і – падумаць толькі, якое нахабства! – «за інтэнсіўнасць працы»! Сквапны Дарагуша за кошт фірмы быў шчодры, што той Крэз, але такой колькасці бонусаў ніводная з