Сад Замкнёных Гор (зборнік). Серж Мінскевіч

Сад Замкнёных Гор (зборнік) - Серж Мінскевіч


Скачать книгу
што яны зрабілі з табой? Дзе ты?

      Я падаўся наперад, але рукі моцна трымалі мяне.

      Яна маўчала. Ні пагарды, ні жалю, ні подыху ўспамінаў (а я спадзяваўся, што яна таксама ўспамінае нашыя словы, нашую блізкасьць, радасьць).

      – Руата, я кахаю цябе!

      Я рвануўся з апошніх сілаў… І апошніх сілаў не хапала, каб вызваліцца.

      Раптам голас, голас той, але не маёй Руаты дасягнуў сьвядомасьці.

      – Ведаеш, Даляшорзах, я не люблю мужчын, мэта якіх заплывае тлушчам.

      ХVІІІ

      – Ты пашкадавала яго, – сказаў Упляйк, – ты папрасіла пакінуць яго: маўляў, няхай жыве, як хоча… А ён прыйшоў і забіў майго целаахоўніка! Зараз ён мой! І нішто ня спыніць мяне. Адвядзеце вязьня да тых вырадкаў.

      Мяне кінулі ў глуха зачыненую залю. Я ўспомніў яе. Менавіта тут я біўся з апраханцамі.

      І яны былі тут. Скурчанымі камячкамі там-сям уздрыгвалі на падлозе. Бедныя, брудныя, худыя. Сярод іх былі і дарослыя, і малалеткі. На ўсіх абліччах, падобных да мысак кацянят, назіраўся аднолькавы выраз прыгнечанасьці і пакоры.

      Я выбраў сабе месца і лёг. У цьмяным сьвятле дрэнна было відаць, куды класьціся, і я незнарок зачапіў кагосьці.

      Заварушыўся карлік:

      – А-а, ты. Ня надта далёка зайшоў.

      – Маўчы, не твая справа, куды я ішоў!

      – Куды б ні йшоў, апынуўся ж тутака, – ён агідна ўсміхнуўся.

      Я павярнуўся бокам да яго. Словы карліка абудзілі ў розуме напалову забыты пульсар маёй мэты, але твар Руаты ізноў перакрыў яго. Мабыць, гэтыя два вобразы счэпленыя ў маёй сьвядомасьці.

      Страшэнную пакуту цяпер прыносілі малюнкі памяці, мне хацелася іх вырваць, спаліць… ці глядзець, бясконца глядзець і рыдаць, адчуваючы, як кожная сьляза, нібы скальпель, праразае да крыві скуру…

      – Ну, мазахісьце, давай спаць, – буркнуў карлік.

      Ён пачынаў мяне раздражняць. Карцела сарваць злосьць ці хутчэй забыцца, каб ня кінуцца ў вар’яцкую гістэрыку.

      – Эй, ты! Можаш хоць апошнія хвіліны жыцьця пражыць спакойна?! – прарыпеў карлік.

      – Слухай, курдуплю, закаркуйся! – злосна прамовіў я.

      «Руата… – заенчылі мазгі.– Не, я вырвуся, я сілай вазьму цябе! Ты будзеш мая! Якая б ты ні была жорсткая, злосная, я вазьму цябе, а потым, потым… кіну!»

      – Дурань!

      – Ты… – я зноў хацеў сказаць нешта крыўднае, але ня мог хутка штосьці такое падабраць… І тут я зразумеў, што ён чытае мае думкі.

      – Ты што, чуеш, што я думаю?

      – Каму лёгка пакласьці руку на плячо, таму лёгка здушыць горла, – сказаў ён замест адказу. – Ты ішоў… Ты меў сваю мэту. А цяпер ты размазаны, як паўдохлая муха па шкле, якую праз момант цалкам прыціснуць.

      – А ты… ведаеш, хто…

      – Забудзь яе. Няўжо ты ніколі не адчуваў, што яна не твая? Яна ня можа быць тваёй. Вы розныя. Ты йшоў, вось і ідзі…

      – Ісьці!

      І я гучна засьмяяўся.

      – Бедны карузьлік, ня бачыш, мы замкнёныя.

      – Ты можаш ісьці… у замкненьні…

      Ён паступова «адключаўся».

      – Эй, што з табой? Яго зрэнкі памутнелі.

      – Ты можаш ісьці… у замкненьні…


Скачать книгу