Сад Замкнёных Гор (зборнік). Серж Мінскевіч
паветраная шахта!
У пругкіх струменях паветра я паплыў уверх.
Плятформа, што засталася ўнізе, пасунулася на сваё месца, сьцяна за ёю важка апусьцілася, захіліўшы сваім гмахам маю сьмерць.
ХХІ
Хуткі пад’ём. Над маёй галавою з бразгатам і шыпеньнем разьехаліся ў розныя бакі паловы жалезнага века…
Імгненьне я стаяў на краі прорвы, на дне якой плёскаўся чорны акіян бяздоньня. Далёка наперадзе, на супрацьлеглым краі, віднелася каменная стромая сьцяна. Такая ж сьцяна была за маёй сьпінай, якая на значнай вышыні пераходзіла ў велізарныя скляпеньні, нібыта хтосьці спрабаваў пабудаваць цырк для гігантаў. Упершыню я апынуўся ўсярэдзіне такога агромністага збудаваньня і ніколі ня бачыў столькі адкрытай прасторы. Закружылася галава, я абапёрся на сьцяну.
Жалезны гаўбец, на якім я стаяў, здрыгануўся і нізкім тонам загудзеў. Мабыць, унізе зноў запрацавала паветраная шахта. У яе прабраліся людзі Ўпляйка.
Я саскочыў на вузкі гзымс, што надвісаў уздоўж прорвы. Гэта быў адзіны шлях. Хутка пайшоў па ім. Гзымс няўхільна падымаўся. Я стараўся не глядзець у бездань, бо нараджаўся страх вышыні і адкрытай прасторы.
Прыкладна праз трыста крокаў мне сустрэлася яшчэ адна такая ж паветраная шахта. Пасьля – яшчэ і яшчэ. Адны зь іх былі напалову разбураныя, іншыя выглядалі так, быццам імі ніколі не карысталіся. Значыцца, да гзымса можна было «даехаць» з розных узроўняў. А гэта былі патаемныя хады нашых продкаў, пра якія людзі даўно забыліся, а я чуў пра іх толькі ў старажытных легендах. А гэты гзымс, сьцежка над пропадняй, і быў тым запаветным Шляхам?
Аднак я памыляўся, бо праз гадзіну хуткай хады я ўбачыў ШЛЯХ.
Перада мною быў каменны мост, які вёў на той край прорвы. Дакладней, мост утваралі асобныя пліты-прыступкі, што на рознай вышыні непадалёк адна ад адной выступалі зь бездані. Паміж некаторымі былі прагалы, якія можна было толькі пераскочыць.
Калі я стаў на першую прыступку, аднекуль зьнізу ўспыхнула аранжавае сьвятло, накшталт вартавых промняў, што меліся на брамах кожнага гораду. З-пад наступнай прыступкі вырваўся струмень паветра, які спачатку парываўся мяне скінуць у прорву, а пасьля ўтварыў вакол мяне безупынны віхор. Кожная прыступка выпускала з-пад сябе шалёны вецер, які налятаў на мяне, а пасьля, быццам адчуваючы, што я даволі моцны і мяне скінуць няпроста, ператвараўся ў новы віхор, толькі іншага колеру. Неўзабаве я быў ахутаны вясёлкавым ветраным коканам. У мяне сьлязіліся вочы, скроні сьціснуў боль. Адчуваў паколваньне па ўсёй скуры, па ёй пайшлі чырвоныя пухіры. Рознакаляровыя віхры спараджалі невялічкія маланкі, што непрыемна патрэсквалі і сьляпілі. Успышкі мікрабліскавіц зрэдчас адбіваліся блікамі на гладкіх чалавечых костках і чарапах, што былі заціснуты ніжэй паміж прыступкамі ці ляжалі далекавата на доле. Мяне ахінуў жах. Але я адчуваў, што вяртацца нельга, там – сьмерць. Хаця і наперадзе нішто не казала пра збаўленьне. Ісьці было ўсё цяжэй і цяжэй. Каб адагнаць боязь, я лічыў прыступкі.
З-пад сорак шостай вырваўся такі моцны вецер, што зьбіў мяне з ног. Але я паляцеў