Сад Замкнёных Гор (зборнік). Серж Мінскевіч
над імі, над ёй, над усім горадам. Я жывы і моцны!
Дзяўчына авалодала сабою, зірнула-зіхнула на мяне:
– Хто б ты ні быў, жывы ці нябожчык, ты шчыра перамог.
Я твая! Але, я ведаю, ты прыйшоў забіць мяне. Што ж, ты маеш на тое права! Нож! Дайце яму нож!
Ніхто не варухнуўся.
Яна ўшчыльную падышла да мяне. Я адчуў дотык яе смочак, полымя ўварвалася ў мяне.
– Хочаш, задушы…
Я быў зьбянтэжаны. Мне і ў галаву не прыходзіла яе забіваць.
Яна выцягнула шыю наперад, выказваючы сваю пакорлівасьць.
У яе вачах быў зьдзек, але за ім успыхвала зацікаўленасьць мною.
Зь вялікім намаганьнем я пагасіў у сабе вулькан.
– Сёньня ты будзеш не маёй, ты будзеш належаць паветру! – рэзка разьвярнуўся і пайшоў па стале.
Дзяўчына порсткай яшчаркай абабегла мяне і, перакрываючы мой шлях, пачала танчыць. Бубнар падхапіў яе тэмп. Яна танцавала адмыслова для мяне, уся яе маладая жарсьць была сфакусавана на мне! Шалёныя, прагныя хвалі спакушальнага дзявочага цела нібы кпілі: «Што ж ты…»
– Учора я выйграла цябе. А сёньня ты выйграў мяне. Я належу табе, – яна сьмяялася мне ў вочы.
Я ахапіў яе за плечы, акуратна прыўзьняў і моўчкі паставіў за сабою. Потым саскочыў са стала.
– Ану, прапусьцеце! – крыкнуў у натоўп.
Я сышоў!
ІХ
Непадалёк ад гораду я ўзьлез адпачыць на вялікія трубы. Бактэрыі, якія гадаваліся ў іх, забясьпечвалі людзей электраэнэргіяй і цяплом. Трубы праходзілі праз усе паверхі, нібы злучалі народы і плямёны, а самі калёніі бактэрый лічыліся прыродным багацьцем. Іх яшчэ ў старажытнасьці разьвялі нашы агульныя продкі.
Спаць на трубах было ўтульна. Мяккая абалонка служыла добрым матрацам.
Але заснуць я не пасьпеў. Злосны сабачы брэх абудзіў мяне. Унізе стаяла дзяўчына, над касьмічнымі вачамі якой квітнелі заплеценыя ў вянок чорныя ружы.
– Вось ты дзе! Што ж так хутка ўцёк, нават мяне не прыхапіў… Ад Берсара не схаваесься. Дый не хвалюйся, я адна.
– І што табе трэба?
– Мне трэба! Табе мала, што я прыйшла сама?
– Паслухай, я для вас – ідыёт зь нізу, ня ведаю вашых законаў і звычаяў. Я іду сваім шляхам…
– Куды?
– Вышэй.
– Выдатна! Там наш народ. А мне, як і табе, нязручна заставацца ў горадзе. Я ня выканала просьбу самога бургамістра. Пойдзем разам. Калі ты яшчэ захочаш на «арэлі», я з задавальненьнем пазмагаюся за цябе.
– Мне нармальна і аднаму, – сказаў я і адчуў, што зусім не хачу, каб яна сыходзіла.
– Берсар, хадзі дамоў, – Руата нібы не пачула маіх словаў, спусьціла сабаку з павадка.
Пёс журботна паглядзеў на гаспадыню.
– Гэта для маці, – дзяўчына зьняла з рукі бранзалет, – па ім яна здагадаецца, што са мною нічога кепскага. Ну, хадзі!
Разумны пёс, апусьціўшы хвост, пайшоў па цьмяным тунэлі.
– Бывай!
Дзяўчына спрытна ўзьнялася на трубы, лягла побач са мною.
– Я стаміўся і хачу спаць, – буркнуў я, сам не жадаючы таго.
– Прабач, я таксама вельмі хачу спаць.
Мы цудоўна выспаліся разам.