Разламашкі майстра Люфта (зборнік). Кацярына Мядзведзева
дам.
– Ну, чаму б і не, – сказала бабуля суха.
– Тут непадалёк прадаецца выдатны кашамір, – Лемюэль махнуў рукой у нявызначаным кірунку. – Можа, мы пойдзем і адразу купім ніткі? Я хацеў бы рэчы ў карычневых тонах, але ведаеце, не з тых карычневых адценняў, якія характэрны для апалага лісця і лушпіння бульбы – не, я падумваў пра тоны кавы, шакаладу, магчыма, і кавы з вяршкамі, калі гэтыя колеры спалучаліся б у шырокай і вузкай палосцы, – мармытаў ён з прыдыханнем, як экзальтаваная паненка. Я з жахам чакала, што бабуля не вытрымае і выкажа Грымсвотну ўсё, што яна думае пра яго і яго продка.
– Ідзі, Дэйсі, – сказала бабуля, мякка ўсміхнуўшыся Лему. – Вы ўжо пасачыце за маёй унучкай, сэр. На кірмашы ўсялякі народ сустракаецца, а яна дзяўчына далікатная.
– О, не турбуйцеся, – акрыяў Лемюэль, – са мной ваша ўнучка ў поўнай бяспецы, – і ён узяў мяне пад руку і пацягнуў прочкі, у кірмашовую мітусню. Я са здзіўленнем азірнулася на бабулю, а яна ўсміхалася і нават міла памахала нам услед.
– Я ўбачыў вас у падзорную трубу і не змог уседзець дома, ведаючы, што вы прыехалі, – нібы апраўдваючыся, сказаў Лем, калі мы пакінулі рады агародніны. – Дэйсі, ты не атрымлівала маіх лістоў?
– Атрымлівала, – адказала я роўна.
– Чаму ж не пісала ў адказ? – шчыра здзівіўся ён.
Я загадкава ўсміхнулася, потым спытала атрутным голасам:
– Так якое адценне карычневага вы жадаеце, сэр? І няўжо ваша нявеста не ўмее вязаць, сэр? Які жаль!
– Дэйсі, не будзь такой злосніцай, – усміхнуўся Лем. – Вядома ж, мая нявеста ўмее вязаць, але я ёй забараніў. Яна ж такая прыгожая. А ў тых, хто пастаянна вяжа, пальцы з часам становяцца крывымі і нягнуткімі, псуецца зрок, а кончык носа наліваецца крывёй, як у п’яніцы, таму што майстрыха дзень і ноч сядзіць, схіліўшыся над вязаннем, – ён абурана пакруціў галавой, як прынц са старой казкі, якую ён мне цяпер распавядаў. – Не, мая нявеста ніколі не возьме ў рукі кручок ці пруткі! Я ёй не дазволю!
– Глядзі, як бы твая нявеста не ўкалолася верацяном і не заснула на сто гадоў, – не вытрымала я.
– Падумаеш! Я тады таксама ўкалюся і засну разам з ёй. А праз сто гадоў, калі мы прачнёмся, у свеце не застанецца ні кручка, ні верацяна, а ўсю адзежу будуць вязаць машыны. Вось паглядзіш, так і будзе!
Лемюэль быў майстар казаць дурасці з вельмі сур’ёзным выразам твару. Ён дасягнуў сваёй мэты: я ўсё-ткі засмяялася.
– Дэйсі, я думаў, што ты не атрымліваеш маіх лістоў, – сказаў ён. – А то б даўно паведаміў табе…
– Паведаміў што? – спытала я, з усяе сілы імкнучыся заставацца абыякавай. – Дату твайго вяселля?
– Паведаміў бы тое, – перадражніў ён мой тон, – што знайшоў драконавы куфар! Спадзяюся, ключ па-ранейшаму ў цябе?
Я паглядзела на яго з прыкрасцю. Толькі-толькі маё сэрца супакоілася, я выкінула з галавы ўсе надзеі і глупствы, стала жыць па-ранейшаму, ціха і непрыкметна, хвалюючыся толькі пра тое, як паспець звязаць больш зімовых панчох да Каляд.