Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
туды ж, у іншы свет. Прыбітая горам, яна і рада б да іх сторч галавой кінуцца. Ды – як і – навошта?.. Людзі раяць уцякаць адсюль, з роднага сяла, дзе брат брата не памятае і сам д’ябал, відаць, навучае нішчыць адзін аднаго. Хто ведае, што яшчэ лёсам наканавана ёй? І, тоячыся ад лішніх вачэй, Аксіння пайшла ў царкву, паставіла свечку на спачын душы Пятра, свайго чалавека, потым свечку за душу Паўлюка-сына, потым яшчэ сваякоў, Паўла і Мікалая Міховічаў. Шкадуючы, памянула іх ды слязьмі ўмылася, просячы супакаення, спачыну вечнага іхнім душам. Няма што радня, а нягожа мёртвым падоўгу затрымлівацца каля жывых, углядацца і спрабаваць нешта ўцяміць – перажываць. На тым свеце павінен быць вечны спачын, і толькі. А то ні тут, ні там не будзе ратунку.
Зусім інакш аднеслася да з’яўлення свайго дзеда ў сне вясковая ластаўка, паводле слоў бабулі, цёмнавалосая трынаццацігадовая Марыя (дома яе звалі Маняй). Маня прачнулася радасная, бы вясельны гармонік, лёгкая, бы пушынка, – здавалася, каб маці падзьмула на яе – узляцела б угору! Узнёсласць Маніных пачуццяў тлумачылася тым, што да яе завітаў дзядуля, а разам з ім – і светлае-прасветлае, шчаслівае дзяцінства, якое адляцела-ўлятучылася ў ліхую гадзіну.
Святочныя пачуцці і мроі Мані былі зманлівымі і нядоўгімі, яны неўзабаве змяніліся іншымі пачуццямі, супрацьлеглымі тым – даўкай крыўдай, сумам, слязьмі. І ўсё ж Маня была ўсцешаная, бо пасля таго жахлівага расстання да яе з’явіўся дзед-нябожчык і, як бывала раней, паклікаў яе на сваё поле, дзе рос лён, павёў па знаёмай сцяжыне на самы пчальнік.
2
Для гэтай маталянкі падзеі ў яе родным кутку бытта спыніліся на тым трагічным моманце, калі зямля раптам рушыла са сваіх асноў, з векавечнага свайго падмурка, і пайшла з-пад ног у людзей, не пакідаючы ўжо ні ёй уласна, ні радзіне нічога, ні для тагачаснага дня, ні для будучыні. Тады ўсё-ўсё ў бурнай плыні неслася кудысьці ў мінуўшчыну.
Дзяўчына між тым помніла сваю зямлю, сваю згубленую ў віры вайны Атлантыду і аднаўляла ў памяці найбольш яркія малюнкі жыцця. Унутраным зрокам яна аналізавала местачковы побыт, узаемаадносіны з суседзямі і, перажываючы карціны па-новаму, старалася тут жа забыць іх, бо душу агортваў жах, як тады… І праз гэты нядобры набытак яна нітавала свой лёс з лёсам роднай зямлі і міжволі скіроўвала да яе свае думкі.
Дзед Пятро на векі вякоў асталяваўся там, і ад таго, бадай, нарасталі яе роспач, адчай. Яна глядзела на жыццё вачыма свайго дзеда. О, як таму не дзівіцца, але гэта было так… Адным жыццём жылі. Урэшце, іх вачыма зямля-матухна глядзела на сябе, бо ў гэтых іхніх удумлівых, добрых, немітуслівых вачах было ўсведамленне сябе і зямлі як адзінага цэлага.
Яна і ён, унучка і дзед – як пачатак і канец, – памяталі багата чаго з таго, што ў свой час ім на вочы трапляла. Зямля ж памятала ўсё, што дзеeлася з ёй і з людзьмі; у яе памяці адбівалася кожная кропля энергіі, асабліва калі тая энергія штосьці значыла, калі ўтварала і тварыла, калі ўзварушвала, скранала з месца што-небудзь.
Местачковец,