Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
павіннасцей, ад улады ваяводаў і старастаў, у цэлым – ад варункаў прыгонніцкага ладу, якім уціскаліся навакольныя вёскі. З тых часоў, займеўшы столькі гонару, тутэйшыя местачкоўцы перасталі нават сялянамі сябе называць.
Магдэбургскае права, якім з пратэкцыі каралевы Боны быў надзелены Моталь, спрыяла развіццю ў мястэчку рамесніцтва і мены таварамі, ажыў, як ніколі, кірмаш. Людзі, няйначай, спаборнічалі паміж сабой ва ўменні жаць, прасці, ткаць, вырабляць скуры, класці печы, будаваць што хочаш, хутка і хораша, ды яшчэ і спяваць свае песні.
У другім манускрыпце была засведчана паездка каралевы Боны ў Літву (Беларусь). Відавочна, ездзіла яна, кіруючыся не столькі ўласным, колькі вышэйшым дзяржаўным клопатам. У Моталі яна падарыла праваслаўнай царкве абразы «Маці Боская» і «Нараджэнне Хрыстова».
Па дарозе назад, у Варшаву, высокая пані спынілася начаваць у мотальскай карчме, робячы гонар тубыльцам. Напэўна, і потым, падарожнічаючы па ўсходніх землях, дзе жылі беларусы, яна заязджала ў Моталь – шляхі ж дазвалялі дый мястэчка яе вабіла, захапляла майстэрствам месцічаў, імпанавала нават вонкавым абліччам людзей. На той час мотальцы абуваліся не ў пасталы, як селюкі наваколля, а ў чобаты і чаравікі, і гэта яшчэ больш дадавала ім самавітасці, годнасці. Паводле таго ж дакумента, каралева Бона пасяліла тут, сярод месцічаў, некалькі сем’яў сваіх суайчыннікаў з Італіі. Магчыма, адсюль і выводзяцца прозвішчы Палто, Кульбеда, Шыкалай ды іншыя, якіх нідзе ў навакольных вёсках больш не пачуеш. А ўвогуле ўсе прозвішчы мотальскага люду канчаюцца на іч: Данілевіч, Мацукевіч, Міховіч, Райкевіч, Стасевіч, Жыховіч, Рамановіч… Выключэнні рэдкія.
У гісторыю краіны пані Бона Сфорца ўвайшла перш як апякунка вялікакняжацкай казны, у якую яна перадала нават свой гардэроб (дакладна: 28 сукенак з грызэту-парчы і 18 з аксаміту, 96 чэпчыкаў, увітых залатымі пазументамі і каштоўнымі камянямі). Праз суд яна адабрала ў магнатаў і перадала таксама ў казну незаконна прысвоеныя імі землі. З яе ініцыятывы ў Вялікім Княстве Літоўскім былі праведзены зямельныя рэформы, што атрымалі назву «Валочная памера» і «Устава на валокі».
Толькі ж добрую славу сваю на гэтай зямлі Бона Сфорца перакрэсліла адным учынкам. Калі яе сын Сігізмунд Аўгуст пайшоў супраць яе волі і патаемна ад каралеўскага двара павянчаўся з прыгажуняй ліцвінкай з Нясвіжа Барбарай Радзівіл, яна затаіла на сэрцы вялікую крыўду. Пагалоска даводзіць, што яе ж клопатам і атручана нявестка Барбара, дух якой неўзабаве перасяліўся з кракаўскіх каралеўскіх палацаў у Нясвіж. Прывід Барбары – Чорнай панны Нясвіжа – і дагэтуль хвалюе ўяўленне нашчадкаў.
Адно ўжо, пасля смерці караля-мужа, у скрусе жыццёвай і будучы апантанай чыста жаночым каварствам, гэтая пані вывезла з Вялікага Княства Літоўскага ў Італію ці не за сто падвод скарбу, у тым ліку сорак восем вазоў, запрэжаных шасцёркамі коней, напакаваных золатам, серабром, крышталём, фарфорам…
Як прыкмету і досвед тых далёкіх часоў, калі амаль казачная