Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка
гаспадарак – саўгасаў, калгасаў, земляробчых пасёлкаў, камун, дапускаў стварэнне невялікіх арцеляў, напрыклад, з пяці хутароў, і ставіў за ўзор заможныя сялянскія гаспадаркі, якія палітыкі неўзабаве пачнуць называць кулацкімі. У сакрэтным лісце да ўсіх загадчыкаў акруговых зямельных аддзелаў ён пісаў: «У вашых акругах ёсць выпадкі насільнага навязвання сялянам форм землекарыстання і забароны сяліцца на хутарах і абшарах, перададзеных ім, – на водрубах. Не мяняючы ўвогуле нашай палітыкі ў гаспадаранні, Наркамзем прапануе не чыніць таксама ніякіх перашкод і пры выбары хутароў і водрубаў. Адначасова катэгарычна забараняецца арганізоўваць буйныя пасёлкі з зямлёй больш за 200 дзесяцін, якія ў нашых умовах ніякага гаспадарчага эфекту не даюць».
Справядліва дапусціць, што толькі дзякуючы гэтаму накірунку і ўзрастала атрыманне вясковай прадукцыі: у 1925–1926 гадах яна перавысіла даваенны ўзровень ужо больш чым на 12 адсоткаў. Народ разжываўся. Аляксандр Чарвякоў прыгаворваў тым часам: «Багацей, селянін! Здабывай больш багацця для сябе і Савецкай рабоча-сялянскай дзяржавы!»
І гэтак, зазнаўшы працоўны ўздым, спатольвалі прагу душы беларусы. От так яны цешыліся там, на савецкіх мройных гонях, выклікаючы зайздрасць у заходніх сваіх суродзічаў, землякоў, якім жыць спадобілася пад панскай Польшчай. І гэтак рупіліся аж да першай сталінскай пяцігодкі, пакуль не закруціла, муцячы белы свет, віхура мусовай калектывізацыі, а за ёй і вызначэнне дзейнасці кіраўнікоў рэспублікі ў крывым бальшавіцкім люстэрку, заўжды зменлівым і пагрозліва зманлівым.
Адно пэўна не ведаючы, што далей там будзе, хадакі паведамлялі: у сталіцы Беларусі – Менску і іншых гарадах утвараліся нацыянальныя ўстановы культуры. Дарэчы, разам з беларускімі, казалі, працуюць польскія і яўрэйскія школы. Вучацца таксама дарослыя… Словам, навідавоку былі як воля ў працы, дэмакратыя, так і нацыянальнае культурнае адраджэнне.
Вядома, усё гэта разам абуджала ўяўленне, шыхтавала эмоцыі і аб’ядноўвала свядомых прыхільнікаў нацыянальнай вызвольнай ідэі і камуністычнага руху, клікала іх на мітынгі, дэманстрацыі, вяло нярэдка й далей – у турмы, на шыбеніцы.
Але пра тое, што насіў тады ў сваёй душы Барыс Рамановіч, нельга было сказаць адназначна, маўляў, юнацкая рэвалюцыйная эйфарыя, уласцівая паплечнікам у камуністычнай спулцы.
У Барыса былі палітычныя, з дазволу сказаць, апаненты, прычым непасрэдна ў сям’і, у сваім атачэнні. Можа, таму ён часцей, чым хто з сяброў камуністычнага гуртка, корпаўся ў сумненнях сваіх і тых зазвычай негатыўных меркаваннях, якія выказваліся ягоным бацькам; той не меў аніякай прыязнасці да бальшавікоў. Дый маці Аксіння – таксама.
Пятро Пісарчук вярнуўся з Расеі ні белым, ні чырвоным, ён наогул стараўся трымацца далей ад палітыкі. Праўда, адасобіцца ад яе, назолы, няможна было, як што яна самахоць уточвалася ці то ў сямейныя, ці то ў гаспадарчыя клопаты.
Шчыра кажучы, напачатку ён, адукаваны чалавек, проста не давяраў ідэі прагнага камуністычнага кіравання жыццём