Выкраданьне вепрука. Ігар Сідарук
аватага бэзавага колеру. Адкуль і калі ён пад'ехаў – ніхта нават не пачуў. У кабіне сядзеў невыразнага, зусім бляклага выгляду кіроўца ды кідаў у рот з пачка кукурузныя палачкі.
– Куды паедзем? – ашалела запытаў у яго гаспадар дворыска, пераварочваючы парсючка за заднія лапы.
– Туды й паедзем, – кінуў чарговую палачку ў рот кіроўца. – Арыштаваныя вы, ясна?..
– Чаго?!. – аж узьняліся ў поўны рост мужыкі ды, сьціскаючы нажы-цесакі, пасунуліся да бэзавага аўтобусу.
– А ну, каціся адсюль, пакуль колы цэлыя!
– І морда!..
– Бач ты, паскуда!
Кіроўца скамячыў пусты папяровы пачак, шпурнуў яго ў гародчык, абнесены акуратным штыкетнічыкам.
– А вы мне не пагражайце. Я пры выкананьні… А вам за гэта… Самі павінны ведаць. Мусіць жа, не дурныя?..
Мужыкі спыніліся, паціснуліся бліжэй адзін да аднаго. Насуплена пазіралі на кіроўцу:
– Слухай, едзь адсюль, га?..
– Не да цябе зараз, хлапак… Дзела ў нас…
– Ага, уманторваў бы ты па-добраму. Па-харошаму просім.
– А мне вашыя харошыя словы да… – пачаў налівацца барвіньнем той. – Гамуйся, бляха, у аўтобус, каму сказана. Ці вам спэцыяльнае запрашэньне трэба?! То зараз выдам! Аж уваччу прасьвятлее!.. Дубаломы!
У куточку вуснаў кіроўцы выступіла белаватая пена, зьмяшаўшыся з пылком ад кукурузнай палачкі. Здавалася, яшчэ імгненьне, і ён пацягнецца за пазуху за якім-небудзь кастадробным парабэлюмам. Аднак кіроўца, відаць, ведаючы пра свой нехадоп, толькі сьцер з рота тыльным бокам далоні белую пенку, злосна зіркаў на мужыкоў.
А мужыкі ўсё тапталіся поплеч адзін з адным.
– Хто сказаў?.. – раптам вырвалася ў больш маладзейшага.
– Што – хто сказаў? – як бы не зразумеў кіроўца.
– Што арыштаваныя мы?
– А!.. – увесь выгляд кіроўцы выказваў поўную абыякавасьць. – Загад…
– Чый загад? – упарціўся малады тубылец.
– Гасударствянны, блядзі! – раптам зароў здыхляк у кабіне, і на губах у яго зноў запенілася.
– Ты не рычы, не рычы… – з асьцярогаю сьцепануў плечуком другі мужычок. – Ты нам, як што якое, дакумант пакажы.
– Які дакумант?! Я табе пакажу дакумант! – роў кіроўца. – Ты ў мяне гэтыя дакуманты да сьмерці зьбіраць будзеш!
– Ды што мы такое зрабілі, каб нас нізавошта арыштоўваць?.. – падаўся назад гаспадар, ня так упэўнена, як раней, сьціскаючы ў руцэ цясак. – Калі за парсючка, дык гэта наш, собскі…
– Не за парсючка, не за парсючка, – крывавата пасьміхнуўся кіроўца. – Тут такое дзела, што… Карацей, сьвінячая ваша справа. Так што гамуйцеся ў аўтобус, рабяты!
– Хрэняцтва нейкае, бляха! – пляхнуў кепкаю аб зямлю маладзейшы. – Паехалі, разьбяромся!
Мужыкі яшчэ нейкі час пастаялі, падумалі, а потым, са шкадобаю азірнуўшыся на распластаванага парсючка, маўкліва палезьлі ў аўтобус.
Дзьверы з рыпам зачыніліся. Стары, дашчэнту зношаны маторчык ПАЗіка чмыхнуў, чвэхнуў, кіроўца з пачуцьцём выкананага абавязку цвыркнуў сьлінаю праз прыадчыненую фортку ды зрушыў сваю машыну з мейсца.
Аўтобус ад'ехаў не так далёка ад вёскі, як раптам, стрэльнуўшы, спыніўся на ўскрайку жытняга поля. Пасярод купіны немагчыма-сінечных валошкаў хлапец ды дзяўчына займаліся… Карацей, нераздымная пара маладзёнаў любілася. Кіроўца рэзка заглушыў матор, выскачыў, бразнуўшы дзьверцамі, на дарогу.
– Імем закона!.. прад'явіце ўдаставярэньні!
– Якія… удаставярэньні?! – віжам падхапіўся з маладзіцы голы хлапчыска. – Хто вы такі?
– У аўтобус! Хутка! Абое!!! – раптам храснуў яму кулаком па твары лядачы кіроўца.
– Які “шчэ аўтобус?.. Хто вы такі, я вас пытаю?! – не чакаючы такога скруту, размазваў тонкую крывавую юху па падбародьдзі хлопец.
– У вось гэты самы! Вось гэты! – проста пляхаў па мэталёвым баку ПАЗіка ягоны вадзіла.
– Ды што вы такое сабе дазваляеце?! – усхапілася з валошкавага кіліму й маладзіца, падграбаючы пад сябе параскіданае адзеньне. – Хто вам даў права?!.
– Ха! Хто даў права!.. – ашчэрыўся кіроўца. – Той, хто даў, той і ўзяў!.. – Ён зноў з усёй сілы пляснуў па бэзавым баку аўтобусу. – Давай, давай. Апранайся! Там, – тут ён узьнёс палец угору, – чакаць ня будуць.
– Вы, вы… – пад напорыстасьцю гэтага нізкарослага азызы не знаходзіла словаў дзяўчына. – Мы будзем на вас жалавацца!..
– Ага, – хітнуў галавою кіроўца. – Паедзем. Там, грамадзяначка, і пажалуецеся…
– Хто… – зноў быў завёў сваё хлапчыска, ды кіроўца раптам выкруціўся цэпам ды згроб усёй пяцярнёю ягоныя валасы на карку:
– Яшчэ хочаш, поскудзь мочаная? Я табе пакажу, хто я такі! Ты ў мяне ня тое што на бабу, на голую курыцу ўскочыць ня здужаеш!..
– Вой, мы паедзем! Толькі адпусьціце яго! – замалілася перад ім дзяўчына.
– Ды трэба мне такое гаўно! – штурхнуў хлапца