Выкраданьне вепрука. Ігар Сідарук
ягоную руку, выкруціла паляняку ды, сама замахнуўшыся, зьмяюкаю сыкнула ашаломханаму бацьку ў твар:
– А ну, сьціхніце!
– Што?! Ах ты, блядзючка!.. – здаецца, больш спуджана, чым злосна, агрызнуўся Грысь.
– Яшчэ раз назавеце “блядзючкаю” – не пагляджу, што бацька, так вось гэтым сукам у лабешню і ўперу!.. – жартаваць у Наталкі не было аніякіх намэраў.
Намэры ў яе былі нашмат шырэйшыя ды глябальнейшыя. Пра гэта яна і паведала, не зыходзячы зь месца ды ўсё яшчэ трымаючы ў руцэ паляняку:
– Рыхтуйцеся, заўтра сваты прыедуць.
– Якія… сваты? – схапілася скручанымі пальцамі за свае асьмяглыя, патрэсканыя вусны Марыля.
– Звычайныя, з ручнікамі. Замуж я выходжу, – канстатавала, як неабвержны факт, Наталка ды адкінула прэч бярозавую сукаватку.
– Га! – бы дурны, рагатнуў Грысь. – За каго?
– А… – сьцепанула плячыма дачка. – Вы ўсё роўна ня ведаеце.
– А нас ты спытала? – імкнучыся напоўніць праўдзівай пагрозаю свой голас, толькі хрыпла вычавіла зь сябе Марыля.
– Не пытала й пытаць не хачу, – зноў сказала, як адрэзала, Наталка, накіроўваючыся да ганку.
– Ну, тваю ж маць!.. – штурхануў Грысь нагою струхлелую калоду. Лёгкая, тая адразу перакулілася ды выцяла Грыся па той самай назе. – Ты што гэта, сур'ёзна?
– Сур'ёзьней і не бывае, – абярнулася, ужо стоячы на парозе, Наталка. Так што рыхтуйцеся, – зноў паўтарыла, як загадала, яна. – У суботу вясельле.
– А во табе вясельле! – скруціў зьверскую дулю Грысь, падскочыў да Наталкі ды сунуў ёй тую дулю. – Во! Во!..
– Пачакай ты, дачушка… – ніяк ня магла пакінуць ў спакоі свае перасьмяглыя вусны Марыля, гэтак жа нэрвова цярэбячы іх пальцамі. – Ты ж кажаш, заўтра сваты толькі прыедуць…
– Заўтра сваты прыедуць, а вясельле – у суботу! – узялася за клямку дзьвярэй Наталка, ані не зьвяртаючы ўвагі на зьверскія бацькавы дулі. – Мы з Алікам усё рашылі.
– З Алікам? А хто гэта? – устаўбурыла на яе маленькія сьлязьлівыя вочы маці.
– Жаніх мой, мамка. Гарадзкі ён… Ад яго сваты заўтра й будуць. А ў суботу – вясельле.
– А чаго так хутка? А чым жа іх сустракаць? А дзе ж вы жыць будзеце? – неспакой усё болей апаноўваў хоць і прашпіртаванае, аднак усё ж такі матчына сэрца Марылі. І тут здагадка наскрозь працяла ўсё тое ж дрыжачае сэрца. Марыля аж прыкусіла ражок бруднай хусьцінкі: – Вой, Натачка, ты бярэмянная, ці што?..
– Байстрючка нагадавала, бля… – ужо было зноў ледзь не зьляцела запаветнае слоўка з языка Грыські, ды красамоўны доччын пагляд на адкінутую сукаватку своечасова яго спыніў.
– А ня вашая справа, – не міргнула на гэта Наталка. – Ня схочаце вясельля тут – у Аліка справім. А сваты заўтра прыедуць па-любому. Хочуць зірнуць, як жывем мы тут. Ну, і з вамі, значыцца, пазнаёміцца. Ха, было б з кім…
– Ты як на бацькоў, га? – усё яшчэ харобрыўся Грысь.
– Ага! – агрызнулася Наталка, расчыняючы ў сенцы дзьверы.
– Дык ты бярэмянная