Мае дзевяностыя. Альгерд Бахарэвiч

Мае дзевяностыя - Альгерд Бахарэвiч


Скачать книгу
пачаў гітарную партыю, якая складалася з набору гучных, рэзкіх і да немагчымасьці простых аднастайных рыфаў: ту-ду, туду-ту, туду, туду-ту… Ён быў цалкам заняты сваёй справай і, здавалася, не заўважаў, што адбываецца ў залі.

      А на мяне ўтаропілася ўся школа. Я выгнуўся, зрабіў жудасны твар, скурчыў пальцы ў эфэктнай сутарзе і зароў у мікрафон нядаўна прыдуманы тэкст, прысьвечаны невядома каму і чаму:

      «Чуеш, Мікола, белыя кветкі паўсюль!

      Хцівыя сківіцы іх шыхтуюцца ў рад!

      Але гэта часова, гэта пакуль

      Што-о!

      Белых кветак тут засталося няшмат!»

      Які Мікола? Якія, блін, кветкі? Пра што яны і навошта? Я зразумеў, што гэта правал. Уласная бяздарнасьць і нашая поўная бездапаможнасьць раптам выявіліся перада мной ва ўсёй сваёй жахлівай паўнаце і неаспрэчнасьці. Але адступаць было нельга. Макс перайшоў на іншы акорд, і я зароў яшчэ мацней, гледзячы на дырэктара:

      «Ты-ы-ы! Гімнастка-а-а! Ты-ы-ы! Гімнастка-а-а!»

      Дырэктар пачырванеў і адвярнуўся. Нам далі дайграць да канца, але больш на сьвяты не запрашалі. Затое пасьля канцэрту да нас падышоў адзін з шабаноўскіх мэталістаў:

      «Уважаю! Хоть вы и панки, но реветь ты умеешь! Вам нужно дэз играть, пацаны!»

      Але нават гэта не ўратавала нас ад дэпрэсіі. І музыку мы ня кінулі – проста вырашылі, што трэба крыху падвучыцца граць. Грукат нябачных бубнаў гнаў нас наперад – да славы.

      Камсамольцы-дабравольцы

      Недзе ў тыя вясёлыя гады надышоў момант, калі трэба было вырашаць, ці ўступаць нам, бэйбусам, у камсамол. У піянэры нас прынялі ў разгар перабудовы, і ніхто тады не пытаўся, хочам мы далучыцца да Ўсесаюзнай ленінскай арганізацыі або не, дый мы, дзеці рабочых, не пратэставалі: взвились кострами? Значит, готов. Чырвоны гальштук насіўся як частка школьнай формы – мала хто задумваўся, што ён азначаў. Але на пачатку 90-х усе былі ўжо сьвядомыя і так проста прынцыпам здраджваць не зьбіраліся. Я, напрыклад, рашуча адмовіўся ад членства ў ВЛКСМ, абгрунтаваўшы гэта сваімі антыкамуністычнымі перакананьнямі.

      Мяне спрабавалі ўгаварыць, але вяла, без імпэту, і хутка плюнулі: ня хочаш, як хочаш, табе ж горш будзе. Чаму горш? Ну, камсамол – гэта ж… Што значыць «гэта ж», патлумачыць ніхто ня здолеў. У выніку з нашай клясы ў камсамол на ўсялякі выпадак уступіў толькі актыў: выдатніцы і выдатнікі, дый тое ня ўсе. Любому разумнаму чалавеку было ясна, што камсамолы і леніны – гэта сьмешны архаізм, усю гэтую чухню самі дарослыя выкінулі на звалку, і асаблівых дыскусій з гэтай нагоды сярод нас не было.

      Затое ў 1991-м я ўступіў у партыю. Партыя звалася так: БНФ.

      Алежка ўступае ў партыю

      А гісторыя была такая. 20 жніўня я паехаў на 98-м на плошчу перад Домам ураду, каб далучыцца да першай у сваім жыцьці дэманстрацыі пратэсту. У Маскве быў путч, беларускія камунякі вырашылі яго падтрымаць – 19 жніўня парлямэнцкая апазыцыя БНФ абвясьціла путчыстаў па-за законам, заклікала дзяржаўных службоўцаў не выконваць іхныя загады, запатрабавала


Скачать книгу