Мае дзевяностыя. Альгерд Бахарэвiч
пазелянеў ад шаленства, калі ці то я, ці то Слава неяк абвясьцілі яму, што школа – ня войска і што ён ня мае права так з намі абыходзіцца. Ён быў салдафон, савок і камуніст, расейскі шавініст і беларусафоб, цяпер сказалі б: ватнік. Ён адчуваў сябе «дедушкой» у межах нашай «вайсковай часьці» – і калі настаўнікі мякка прасілі яго быць трохі больш чалавечным хаця б зь ня самымі дурнымі вучнямі, ён шчыра не разумеў, чаго ад яго хочуць: усе аднолькавыя, усе мусяць быць стрыжаныя пад нуль і слухацца загадаў. Мае значкі ён спрабаваў зрываць – але я майстраваў іх зноў і зноў з каляровай паперы і клею, і ён урэшце кінуў дурное. Так што права хадзіць са значком я здабыў у баях… Як і права яго не насіць, калі ўсе навокал толькі гэта і робяць.
Аднойчы на нейкі вокрык ваенрука я ляніва і зьдзекліва адказаў: «Яволь, майн фюрэр!» – «Ты это… Не шути так!» – прашыпеў ён, падскочыўшы: было відаць, што фашыстам ён лічыў акурат мяне, бо гэта мае «сябры-спадары» спалілі Хатынь і павесілі ягоную сям’ю на бел-чырвона-белым сьцягу, танцуючы пад Лявона Вольскага і Сокалава-Завоюша. Зрэшты, і яму не было чужое нішто чалавечае: неяк мы з Максам і Славам, прагульваючыся ўзімку каля школы, знайшлі яго, у дупель п’янага, у сьнезе каля агароджы і адвялі дахаты. Пасьля гэтага ён пачаў ставіцца да нас больш спакойна.
Няўмольная гісторыя, заўжды схільная да тэатральных эфэктаў, адпомсьціла нашаму ваенруку самым раскошным чынам. Па-мойму, гэта адбылося 19 верасьня 1991 году: наш настаўнік пачатковай вайсковай падрыхтоўкі, як заўжды, разносіў нашу нягеглую вайсковую адзінку і чапляўся да валасоў, каўняроў, гальштукаў і майго значка. Здаецца, ён быў з пахмельля і яшчэ не ўключаў тэлевізар – пабачыўшы ненавісны значок на штрыфлі майго школьнага пінжачка, ён зноў завёў пра фашыстаў і пра разгул дэмакратыі, якой, як ён абяцаў, зусім хутка прыйдзе канец. «Ежовых рукавиц на вас нету! Ничего, скоро мы наведем порядок!» – абяцаў ён, нібы нешта ведаў. Ухапіўся за значок сваімі кароткімі жоўтымі пальцамі – і тут нехта ззаду спакойна, са сьмяшком прамовіў: «А этот флаг уже государственный, он на Доме правительства висит!» Ваенрук кінуўся ў настаўніцкую па газэту – і вярнуўся ў кабінэт, як пабіты сабака… Гэта было праўдай: сьцяжок на маім пінжаку і дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусь цяпер выглядалі аднолькава.
«Супраць камуністых, супраць маскалёў»
Забаўна ўспамінаць: тады я ня ведаў ніякіх патрыятычных песьняў, апрача «мроеўскіх», і ніякіх народных, апрача «Цячэ вада ў ярок». А мой унутраны нацыяналіст патрабаваў нечага радыкальнага, палітычна-беларускага, і каб абавязкова антырасейскага. І я пачаў «у час вольны» складаць «песенькі антысавецкіх партызанаў» – абсалютна бяздарныя спробы выказаць сваю прагу нацыянальнага паўстаньня:
«Адкапаў вінтоўку сёньня ў лесе я,
Там яна ляжала семдзесят гадоў.
Ваяваць я буду, любая мая,
Супраць камуністых, супраць маскалёў!»
Гырб і сын
Позьнім, цёмным восеньскім вечарам 1991 году я, Макс і Слава