Мае дзевяностыя. Альгерд Бахарэвiч
да тэлевізара, дык ён, вядома, займаў тады ладную частку жыцьця. Гэта цяпер я ўжо дваццаць гадоў жыву безь яго і дзіўлюся, як можна трымаць дома гэты кавалак гаўна – я бачу людзей, якія тупеюць выключна дзякуючы тэлевізару, і думаю, што гэтую прыладу, інструмэнт самых паскудных маніпуляцый чалавечай сьвядомасьцю, даўно варта забараніць. Але тады, натуральна, ад тэлевізара было не адарвацца: прыходзячы са школы, ты глядзеў новы выпуск мульцікаў пра мішак Гамі, «До 16 и старше» і ўрокі гішпанскай мовы, увечары – добрае старое савецкае або перабудовачнае кіно, перад сном – «Праграму А», «Крок», НТВ, «Взгляд» і кучу іншых перадач. І, вядома ж, футбол.
Першым чэмпіянатам сьвету, які я паглядзеў, быў мундыяль 1986-га. Потым былі фантастычна яркі чэмпіянат Эўропы-88, Алімпіяда і Ўнівэрсіяда, а ўлетку 1990-га я ўжо тырчаў перад экранам як сапраўдны фанат. Італія, чэрвень, сьпёка, Лаўрэнцій, Лёха і я сядзім дома, глядзім усе гульні і пасьля гэтага бяжым гуляць самі – утрымацца немагчыма. Макс і Слава былі да футболу абыякавыя… Пазьней я і сам спрабаваў паставіцца да маёй адзінай любімай гульні звысака – маўляў, пралетарская забава, але, прачытаўшы, што Набокаў любіў футбол і быў брамнікам, я плюнуў на ўсю арыстакратычнасьць: калі ўжо шляхетны сноб ВН гуляў і захапляўся, дык можна і мне, карона ня зваліцца…
Любоў таго лета – камэрунцы! Я заўзеў толькі за іх – афрыканская каманда пад кіраўніцтвам савецкага трэнэра Няпомняшчага сэнсацыйна дайшла да чвэрцьфіналу. Усё было крута: і дзіўнае прозьвішча коўча, і стракатая, сонечная форма маіх улюбёнцаў у спалучэньні з бліскуча-чорнымі адчайнымі і вясёлымі тварамі, і прыгажосьць рухаў, і воля да перамогі, і танцы каля вуглавых сьцяжкоў!
Група В:
Камэрун-Аргентына 1:0! (гол – Амам Біік)
Камэрун-Румынія 2:1! (галы – Ражэ Міла)
Камэрун-СССР 0:4… (стаміліся, дый Саветы былі ў той час моцныя…)
Але Камэрун праходзіць далей!
Камэрун-Калюмбія 2:1 у дадатковы час (у нашых зноў абодва разы адзначаецца Ражэ Міла!)
І чвэрцьфінал… Незабыўны, найдраматычнейшы, такі, што сэрца вырывалася з грудзей і ўсе Шабаны выбягалі на бальконы і лямантавалі: ну бля, ну даюць! Памятаю той матч. Плат выводзіць ангельцаў наперад, у другім тайме Кундэ з пэнальці зраўноўвае лік, праз пару хвілін забівае Экеке, і ўжо камэрунцы апынаюцца зусім блізка да перамогі. Але перад фінальным сьвістком Лінэкер са спрэчнага пэнальці вырывае нічыю. Дадатковы час – і зноў спрэчны пэнальці на карысьць ангельцаў, і зноў Лінэкер не прамахваецца… Ангельшчына ў паўфінале, Камэрун едзе дамоў, падарыўшы ўсяму сьвету такую радасьць, што і цяпер успамінаеш той турнір як нейкае вар’яцкае сьвята, у якім табе пашчасьціла ўзяць удзел.
А выйгралі той чэмпіянат немцы. Што да зборнай СССР, якая таксама адчувалася намі сваёй (усё ж там гулялі і беларусы: Алейнікаў, Зыгмантовіч, напэўна, яшчэ і Гоцманаў) – дык перамога над Камэрунам была яе адзіным трыюмфам, Саветы не далі рады выйсьці з групы.
Супраць