Мае дзевяностыя. Альгерд Бахарэвiч
«Трактар» і чабурэчная паблізу – бабуля вадзіла мяне ў яе як на сьвята, і чабурэкі там і праўда былі што трэба, значна лепшыя за цяперашнія.
Аднойчы мы са Славам паехалі на шпацыр у раён Аўтазу – ёсьць там такі невялікі парк… Ідзем, гутарым, выходны дзень, сонца, міма праходзіць чалавек пяць мясцовых – адзін зь іх, параўняўшыся з намі, б’е мяне нагой у жывот, я падаю, хапаючы ротам паветра, астатнія абступаюць Славу… Мілы, родны Заводзкі раён. Я сэрцам табе прысягаю ў шчырай сыноўняй любві.
Праўда, Дражня, у якую я хадзіў ад бабулінага дому пехатою, гэта ўжо з пэўнага часу раён Партызанскі… Але якая розьніца. Усё роўна: рабочыя, заводы, ПТВ, пралетарскі дух, зьмяшаны зь вечна сялянскім, вечна абшчынна-патрыярхальным… Усё роўна: штосэкундная пагроза. У тыя часы толькі адно месца на сьвеце было больш-менш бясьпечным: мой ложак у бацькоўскай кватэры. І ўсё ж я любіў выбірацца за межы Шабаноў – у вялікі і нязьведаны горад, які я яшчэ не адчуваў як родны і які заўжды абяцаў прыгоды і натхняў на авантуры.
Усё магло здарыцца інакш. Маё жыцьцё магло б аказацца намёртва прывязаным да Заводзкага раёну, як гэта здарылася з большасьцю маіх аднаклясьнікаў. І, відаць, гэта адна з маіх траўмаў: усё жыцьцё я бягу адтуль, імкнуся апынуцца чым далей, мару жыць то на чужыне, то на Асмалоўцы, я хачу заставацца ў цэнтры: гораду, жыцьця, культуры, свабоды, хачу выціснуць зь сябе той страх і тое жаданьне агрызацца, хачу забыць тыя Шабаны, Енісейскія, Ангарскія, Аўтазы, Чыжоўкі… Бягу – і не магу ўцячы.
Талент заіканьня
Яшчэ ў пачатку 80-х я заўважыў неяк, што блізкія людзі ставяцца да мяне зь дзіўным шкадаваньнем. Я доўга ня мог зразумець, у чым прычына. І толькі ў 1990-м, на ўроку беларускай літаратуры, мяне агаломшыла страшнае адкрыцьцё: я ж заікаюся і кепска вымаўляю гук «р». Пра гэта са мной размаўлялі так рэдка, што я неяк і не пераймаўся… І часта забываў пра свой дэфэкт маўленьня. Памятаю той дзень. Мы праходзілі Кузьму Чорнага, мяне выклікалі чытаць уголас (сумнеўнае заданьне – чытаць уголас «Трэцяе пакаленьне»), я добрасумленна пачаў – і раптам за сьпінамі пачуўся зьдзеклівы сьмех. Настаўніца паспрабавала яго абарваць, але марна – хтосьці запярэчыў, што заіка мусіць ведаць, што ён заіка, і наогул я мучу ўсю клясу сваім заіканьнем і лепш бы я заткнуўся.
Цяпер, пішучы ўсё гэта, я горды тым, што перамог асяродзьдзе: звычайна жыцьцё людзей з маімі асаблівасьцямі маўленьня ня надта шчасьлівае, што асабістае, што грамадзкае. Лічыцца, што ім ня варта лезьці ў публічныя сфэры і чакаць ад сябе нейкіх дасягненьняў, зьвязаных з мовай. Я – жывое абвяржэньне гэтых страхаў. Я быў адвязным і эфэктным вакалістам рок-гурту, я выступаю са сцэны ў розных гарадах і краінах, раздаю інтэрвію, мадэрую сустрэчы, добра чытаю ўголас свае і чужыя тэксты, я навучыўся не заікацца тады, калі гэта трэба, і літаратура і музыка дапамаглі ў гэтым, яны сьцьвердзілі мяне, умацавалі і прагналі страх. Я ўжо даўно пачуваюся пераможцам, упэўненым у сабе чалавекам, я падабаюся жанчынам, у мяне чароўная жонка, разумная і