Дні без лета. Андрей Латыголец
Наш асноўны багаж з торбамі, хутчэй за ўсё, яшчэ на борце самалёта. Пакуль мы не знайшлі тут нікога з рускамоўных, з намі сядзіць гурт індусаў, шмат кітайцаў і немцаў. Аднак я разлічваю, што неўзабаве ўсё праясніцца…
– Прайшло дзве гадзіны, а мы па-ранейшаму ў першым тэрмінале. Я пазнаёміўся з хлопцам, якога завуць Ёхан, ён з Мюнхена і прыляцеў у Нью-Ёрк да сяброўкі.
Макар наводзіць камеру на бландзіна з кручкаватым носам – яго твар таксама ўстрывожаны.
– Johan, tell it again on camera, what you told me about what was happening?[4]
– Hi! The Internet is somehow not working, but from the news I learned, that on the West coast of the USA there was a strong explosion.
– Ёхан кажа, што на заходнім узбярэжжы ЗША адбыўся моцны выбух, аднак пакуль гэта не дакладная інфармацыя. Інтэрнэт перастаў працаваць. Сітуацыя крытычная.
На другім паверсе, ля эскалатара, пачуўся лямант. Макар хутка паварочвае камеру ў той бок. З шэрага прадстаўнікоў адміністрацыі выйшаў мужчына, які ўзяў мікрафон. Макар набліжае карцінку. Лысы мужчына ў акулярах абвяшчае:
– Dear guests and citizens of the United States! Please, retain the order. Now there’s going to be organized an emergency evacuation of all personnel of the airport, there will be provided a ground transportation for all of you. Strictly follow the instructions of police and remain calm. No one will be left without help![5]
– Так, ён сказаў, што зараз нас будуць эвакуяваць з аэрапорта. Кіра, ты чула?! Усё будзе добра, пра нас паклапоцяцца!
Камера паказвае бледную Кіру: здаецца, у яе адабрала мову.
– Дзяўчынка мая, не хвалюйся, калі ласка, усё наладзіцца…
У кадры – Макар. Камера трасецца ад хуткіх крокаў, факусуючыся на яго шэрай майцы і нагах у сініх красоўках. Чуваць заўвагі персаналу.
– Мне забаранілі здымаць, – даносіцца прыглушаны голас Макара. – Я павесіў камеру на шыю, таму здымаць даводзіцца толькі такім чынам. Нам нічога не кажуць і вядуць да выхаду з тэрмінала… З вокнаў аэрапорта я бачу шчыльныя клубы дыму або туману… Нам выдалі рэспіратары… Звонку пад’ехалі аўтобусы… Так ціха…
Макар спыніўся.
– Keep calm! There will be landing on an evacuation transport![6] – чуваць голас з рэпрадуктара.
– Where are we going?[7] – істэрычна пытае ў кагосьці Макар.
Яго пытанне застаецца без адказу. Адусюль даносяцца трывожныя галасы людзей.
– Зараз нас пасадзяць у аўтобусы, куды павязуць – невядома. Я вельмі хачу паказаць, што адбываецца навокал. У паветры няма ніякіх прыкмет гару ці яшчэ чаго, але цяпер зразумела, што гэта не туман, а дым… вельмі шмат дыму…
Макар трымае камеру ў руках каля сваіх ног аб’ектывам да сябе – так, каб не было бачна, што ён здымае. Твар яго з гэтага ракурсу здаецца трохі азызлым.
– Нас пагрузілі ў аўтобус, – шэптам кажа ён, – і вязуць у метро. Я не пачуў, на якую станцыю… З намі ў аўтобусе каля трыццаці цывільных і адзін вайсковец.
Макар асцярожна паварочвае камеру і нерашуча прыўздымае яе над сядзеннем спераду. Ля вадзіцеля спінай да аб’ектыва стаіць афіцэр у натаўскай форме. Бачны рэмень ад «М-16». Камера ўздрыгвае ад язды, і Макар вяртае яе ў ранейшае становішча.
– Афіцэр сказаў, што праз якісьці небяспечны выбух у горадзе ўвялі надзвычайнае становішча.
4
Ёхан, скажы зноў на камеру ўсё тое, што ты мне паведаміў?
5
Паважаныя госці і грамадзяне Злучаных Штатаў! Калі ласка, захоўвайце парадак! Зараз будзе арганізаваная экстранная эвакуацыя ўсяго персаналу аэрапорта, усім вам будуць вылучаныя месцы ў наземным транспарце. Строга выконвайце інструкцыі паліцыі і захоўвайце спакой. Ніхто не застанецца без дапамогі!
6
Захоўвайце спакой! Зараз будзе здзяйсняцца пасадка на эвакуацыйны транспарт!
7
Куды мы накіроўваемся?