Дні без лета. Андрей Латыголец
можа супакоіцца. Мае вочы зліпаюцца, і, магчыма, пасплю я, хаця б дваццаць хвілін, потым прымушу паспаць і Кіру. Будзем адпачываць вахтамі. Што ж… Гэта вельмі кепская сітуацыя… Я не ведаю, што яшчэ можна сказаць… Як такое наогул магло здарыцца?.. Чаму менавіта з намі?.. І ў такі адказны для нас час…
Камера, трасучыся, здымае столь метро. Потым апускаецца ніжэй, паказваючы сцены падземкі, выкладзеныя дробнай шэрай кафляй. У фокус трапляюць галовы людзей. Увесь перон запоўнены народам, эвакуяваным з суседніх раёнаў горада.
– Мяне нядаўна пабудзіла Кіра. На жаль, я не паспеў зняць тое, што нам паведамілі вайскоўцы. Здаецца, выбухнуў вулкан. Пакуль невядома, які канкрэтна, аднак праз моцны выбух амаль увесь кантынент накрыла воблакам попелу. Быць звонку небяспечна. Але ў нас ёсць і добрыя навіны. Мы пазнаёміліся з парай нью-ёркцаў – Філіпам і Джэсікай. Яны зусім выпадкова апынуліся ў гэтым метро. Кажуць, трэба адсюль выбірацца. Заставацца пад зямлёй можна, аднак людзям усё роўна калі-небудзь давядзецца выйсці, і тады зверху пачнецца сапраўдная вакханалія. Таму, каб пазбегнуць хаосу, сыходзіць трэба менавіта цяпер, пакуль яшчэ канчаткова не забрудзілася паветра над горадам, каб назапасіцца харчаваннем, а далей рушыць цераз Канаду на поўнач. Вылазку яны плануюць на ноч і, калі мы згодныя, могуць узяць нас з сабой.
Макар азіраецца, каб пераканацца, што ніхто не падслухоўвае.
– План такі: Філіп і Джэсіка жывуць тут непадалёк, мы накіроўваемся да іх дома, запасаемся харчам, сядаем у іх машыну і едзем у Канаду. На жаль, Амерыку давядзецца на некаторы час пакінуць.
Аб’ектыў нерашуча наводзіцца на немаладую пару: мужчыну і жанчыну. Мужчыну гадоў пад пяцьдзясят, у яго сівыя кароткія валасы і такая ж барада. На ім сіняя майка і паўзверх яе – шэрая камізэлька. Побач сядзіць жанчына з прыемным тварам і доўгімі кучаравымі валасамі русага колеру. На ёй джынсавы камбінезон.
– My name is Philip Cooker, and this my wife Jessica Palp. Now we’re waiting for the night, when all passions subside and we will try to get out of here.
– Філіп кажа, што мы будзем чакаць ночы, калі на станцыі хоць трошкі сціхнуць страсці і людзі паспрабуюць заснуць, – кажа за кадрам Макар. – Філіп, раскажы, што адбылося і куды мы накіроўваемся?
– Well, they say that exploded a volcano, Yellowstone NP, although I think our military had a crap test of a new chemical weapon and it all went down the drain. Someday it had to happen. To be in the Unites States are unsafe. In Canada we have kinsfolk. Urgent need to evacuate. It remains to be seen. Perhaps we will have to move to Greenland.
– Філіп сказаў, што, магчыма, выбухнуў Елаўстонскі вулкан, хаця і не выключае таго, што амерыканскія вайскоўцы маглі намудрыць у вопытах з новай хімічнай зброяй. У Канадзе ў іх жывуць сваякі, таму яны хочуць прарывацца ў тыя краі. А там паглядзяць, можа стацца і так, што ўсім давядзецца перасяляцца ажно ў Грэнландыю.
Макар паварочвае камеру на сябе. Побач – стомленая Кіра. Яна абыякава глядзіць у аб’ектыў, ён кажа:
– Нам вельмі пашанцавала з новымі сябрамі, мы выпадкова селі побач, і яны далі Кіры вады, калі ёй стала дрэнна. Завязалася гутарка. Кіра дагэтуль не хоча нікуды сыходзіць, мяне ж зацікавіла ідэя змены нашай дыслакацыі. Невядома, што тут яшчэ можа здарыцца. І я лічу, што рухацца