Рыбін горад. Наталка Бабіна
пра якое я яшчэ не паспела расказаць Уляне… Няцяжка расказваць, цяжка было там стаяць.
Усе гэтыя дні было многа клопату, і Улянка нават не паспела яшчэ разабраць свае рэчы. Як прывезла з вакзала валізу, так яна і стаяла ў сенях. Нам не было калі пагаварыць, а тое, што я мусіла паведаміць ёй, нельга было гаварыць у гарачцы. Пільнуючыся старога звычаю, мы сядзелі па начах каля бабулінай труны – але толькі на змену, і пагаварыць не было як. Днём прыходзілі бабы – толькі днём, бо ўжо не тыя гады, каб па начах блукаць лесам… А нам у гэты час трэба было: купіць труну, выкапаць магілу, дамовіцца з папом наконт паніхіды, пачысціць трыццаць два селядцы і столькі ж карпаў, напячы мяккіх катлетаў на старыя дабрацінскія, страдзіцкія, заказанскія зубы, купіць гарэлкі і вадзічкі – і яшчэ сто дваццаць пяць справаў парабіць… Добра яшчэ, што Зарніцкая дапамагала, ездзячы ў Брэст з Брэсту на сваім «мерсэдэсіку». Прыехаўшы сёння, яна выбрала хвілінку і ціха спытала ў мяне: «Сказала?» – «Не, – таксама шэптам адказала я. – Пакуль не».
Ні Антон, ні Юрка на пахаванне не прыехалі. Юрка, Улянін муж, якраз быў у Кракаве, рыхтаваў кангрэс архітэктараў, адказным арганізатарам якога ён і з’яўляўся, і мы вырашылі, што яму трэба заставацца там, давесці справу да канца, бо, калі ён з’едзе, кангрэс можа сарвацца. А на Антона я разлічвала. Я так і не змагла да яго дазваніцца і вымушана была даць тэлеграму. Позна вечарам ён пазваніў мне сам. Далёкім голасам паспачуваў, пашкадаваў, што не зможа прыехаць, прапанаваў прыслаць памочніка з грашыма і машынай. Зазлаваўшы, я адмовілася ад такой дапамогі і ўжо хацела кінуць слухаўку, як раптам успомніла рапуху ў тэлевізары – я была ўжо паспела намёртва (які страшны каламбур!) забыць пра яе і ўсё з ёй звязанае.
– Тосік, што ты там уздумаў? Навошта табе гэта? Я так баюся за цябе…
– Не хвалюйся, – Антонаў голас памякчэў, прыблізіўся, ён яўна не чакаў гэтага Тосіка, памяткі маладосці, якая вымавілася нечакана і для мяне самой. – Усё будзе вельмі добра. Ты ж ведаеш, я заўсёды гуляю толькі напэўна, з казырамі.
Як недарэчна разанула гэтае «гуляю»! Даўнавата мы з табой ужо не гулялі, я наогул забыла, што такое гульні – усё ў нашым жыцці было нават надта сур’ёзна. Але я не паспела сказаць пра гэта – у кухню, дзе я гаварыла, зайшоў Уругваец, за ім – заклапочаная Уляна. Мая прысутнасць патрабавалася на чарговай гаспадарчай нарадзе, і я паспяшалася развітацца.
Пасля памінак мы з сястрой не сталі прыбіраць.
– Хадзем наверх, – прапанавала Улянка, калі ўсе разышліся зза вялікага, састаўленага з трох, стала. – Паляжым крышку. Ногі дыгаюць.
У сваім пакоі яна апусцілася на канапу і закрыла вочы рукой – бабін жэст, які мы абедзве перанялі.
– Здаецца, зрабілі ўсё так, як яна наказвала, – сказала сястра, не адкрываючы вачэй. – Як хацела. Поп толькі мне не вельмі спадабаўся – занадта спяшаўся, па-мойму.
– Улянка, мне трэба паведаміць табе адну важную рэч.
Улянка расплюшчыла вочы.
– Бабуля памерла не сама,