Прыгоды ўдалага салдата Швейка. Яраслаў Гашак

Прыгоды ўдалага салдата Швейка - Яраслаў Гашак


Скачать книгу
яго сунем? – спытаў фельдфебель Ржэпа.

      – У шаснаццатую, – вырашыў наглядчык, – да беспарточнікаў. Хіба не бачыце, што напісаў на суправаджальнай паперы капітан Лінгарт: «Streng behüten, beobachten».

      – Так, так, – звярнуўся ён урачыста да Швейка, – з ліхадзеямі і абыходак ліхі. А калі хто ўзбунтуецца, таго кінем у адзіночку, а там пераламаем усе рэбры і хай ляжыць, пакуль не здохне. Маем такое права. Памятаеце, Ржэпа, як мы расправіліся з тым мясніком?

      – Ну і задаў ён нам працы! – летуценна вымавіў фельдфебель Ржэпа. – Во быў здаравенны! Я таптаў яго больш як пяць хвілін, пакуль рэбры не затрашчалі і не палілася кроў з рота. А ён потым яшчэ дзён дзесяць жыў. Жывучы быў, падла!

      – Бачыш, мярзотнік, як у нас распраўляюцца з тымі, хто ўздумае бунтаваць або ўцякаць, – закончыў свой педагагічны выклад штабны турэмны наглядчык Славік. – Гэта ўсё роўна як самазабойства, якое ў нас таксама караецца. Альбо не прывядзі бог, табе, гад, узбрыдзе ў галаву скардзіцца, калі прыйдзе інспекцыя! Калі тое здарыцца і прыйдзе інспекцыя ды спытае: «Ці маеце нейкія скаргі?», дык ты, смярдзючая жаба, павінен стаць ва фронт, узяць пад казырок і адрапартаваць: «Асмелюся далажыць, не маю, усім задаволены». Ну, як ты скажаш, мярзотнік, паўтары!

      – Асмелюся далажыць, не маю, усім задаволены, – паўтарыў Швейк з такім мілым выразам твару, што штабны наглядчык дапусціў памылку, палічыўшы гэта шчырай стараннасцю і пачцівасцю.

      – Дык распранайся да сподняга і пойдзем у шаснаццатую, – сказаў ён ласкава, не дадаўшы, як звычайна, ні «гнюса», ні «нікчэмніка», ні «мярзотніка».

      У шаснаццатай Швейк убачыў два дзесяткі мужчын у сподніках. Тут сядзелі ўсе, у каго ў паперах было зазначана: «Streng behüten, beobachten». За імі вельмі старанна наглядалі, каб яны не ўцяклі.

      Калі б споднікі былі чыстыя, а на вокнах не было кратаў, то на першы погляд магло здацца, што вы трапілі ў прылазнік.

      Швейка прыняў ад фельдфебеля стараста, даўно не голены мужык у расхлістанай кашулі. Ён запісаў яго прозвішча на кавалку паперы, які вісеў на сцяне, і сказаў:

      – Заўтра ў нас відовішча – павядуць у капліцу на казань. Мы ўсе будзем стаяць там у адных сподніках якраз пад самай кафедрай. Во будзе забава!

      Як і ва ўсіх вязніцах і каталажках, у гарнізоннай турме была свая капліца, якая цешылася ў арыштантаў вялікай папулярнасцю. Зусім не таму, што прымусовае наведванне турэмнай капліцы набліжала вязняў да бога або яны больш даведваліся пра дабрадзейнасць. Пра такое глупства не магло быць і гаворкі. Проста набажэнства і казань былі паратункам ад гарнізоннай нуды. Не ў тым была справа, што ты стаў бліжэй да бога, а ў тым, што па дарозе ты мог спадзявацца знайсці – на лесвіцы або ў двары – адкінуты акурак сігарэты ці сігары.

      Ды яшчэ сама казань была для ўсіх забавай і пацехай. Фельдкурат* Ота Кац быў вельмі мілы чалавек. Усё набажэнства ён вёў надта арыгінальным спосабам. Ён мяняў увесь парадак святой імшы, а калі быў здорава пад чаркаю, прыдумляў зусім новыя модлы, новую святую імшу, свой уласны рытуал, – словам, нешта такое, чаго да гэтага часу ніколі нідзе


Скачать книгу