Прыгоды ўдалага салдата Швейка. Яраслаў Гашак
фельдкурату паслаць яму Швейка, то чорт ведае, чым бы ўсё кончылася.
Нарэшце, следчы спыніўся каля свайго стала.
– Паслухайце, – сказаў ён Швейку, які безуважна глядзеў перад сабой, – калі вы яшчэ хоць раз трапіце мне на вочы, то доўга будзеце пра гэта помніць… Адвядзіце яго!
Пакуль Швейка вялі назад у шаснаццатую, Берніс выклікаў да сябе наглядчыка Славіка.
– Надалей, да наступных указанняў, Швейк перадаецца ў веданне пана фельдкурата Каца, – коратка загадаў ён. – Падрыхтаваць пропуск. Адвесці Швейка з двума канвойнымі да пана фельдкурата.
– Загадаеце яму на дарожку надзець кайданы, пан надпаручнік?
Следчы ляснуў кулаком па стале:
– Вы – асёл. Я ж ясна сказаў: падрыхтаваць пропуск!
Але наглядчык усё ж вырашыў пакінуць Швейка яшчэ хоць на адну ноч у гарнізоннай турме, каб ён як след пакарыстаўся яе выгодамі.
У восем гадзін Швейка выклікалі і загадалі ісці ў канцылярыю.
– З левага боку ля дзвярэй канцылярыі стаіць плявальніца, там бываюць акуркі, – навучаў Швейка адзін з арыштантаў. – I на другім паверсе таксама пройдзеш міма адной. Лесвіцу мятуць у дзевяць, дык сёе-тое яшчэ можна будзе знайсці.
Але Швейк не апраўдаў іх спадзяванняў. Болей у шаснаццатую ён не вярнуўся. Дзевятнаццаць споднікаў разважалі ды меркавалі аб гэтым самае рознае. Нейкі рабаціністы апалчэнец, які вызначаўся самай буйнай фантазіяй, аб’явіў, што Швейк страляў у свайго капітана і сёння яго павялі на Мотальскі пляц на расстрэл.
Раздзел X. Швейк дзеншчыком у фельдкурата
I
Далей Швейкава адысея працягваецца пад ганаровым эскортам двух салдат, узброеных вінтоўкамі з прымкнутымі штыкамі. Яны яго павінны былі даставіць да фельдкурата.
Яго канваіры ўзаемна дапаўнялі адзін аднаго: калі адзін з іх быў цыбаты, то другі – невысокі таўстун. Бамбіза кульгаў на правую нагу, малы салдат – на левую. Абодва служылі ў тыле, бо яшчэ да вайны былі падчыстую вызвалены ад вайсковай службы. З сур’ёзным выглядам яны ступалі па бруку, зрэдчасу спадылба зіркаючы на Швейка, які крочыў пасярод і казыраў каму папала. Яго цывільнае адзенне згубілася на складзе гарнізоннай турмы разам з вайсковай фуражкай, у якой ён ішоў на прызыў. Перш чым яго выпусціць, яму выдалі стары мундзір, які раней належаў нейкаму пузану, на галаву вышэйшаму за Швейка. У штаны, якія былі на ім, улезла б яшчэ тры Швейкі. Бясконцыя фалды ад ног аж да грудзей – а штаны сягалі аж да шыі – мімаволі прыцягвалі ўвагу разявак. Вялізная брудная і зашмальцаваная гімнасцёрка з латкамі на локцях калацілася на Швейку, як каптан на агародным пудзіле. Штаны віселі, як у клоуна ў цырку. Вайсковая фуражка, якую яму таксама падмянілі ў гарнізоннай турме, спаўзала на вушы.
На рогат разявак Швейк адказваў мяккай усмешкай і цёплым ласкавым поглядам сваіх добрых вачэй.
Такім парадкам і падыходзілі яны да Карліна, дзе жыў фельдкурат. Першы прамовіў да Швейка малы таўстун.
– Адкуль ты? –