Прыгоды ўдалага салдата Швейка. Яраслаў Гашак
спытаў бамбіза. У тоне яго запытання адчувалася, што ён пачынае спачуваць Швейку.
– Палітычны, аж занадта, – усміхнуўся Швейк.
– Можа, ты нацыянальны сацыяліст?
Але цяпер ужо малы таўстун зрабіўся асцярожны і ўмяшаўся ў размову.
– А што нам да таго? – сказаў ён. – Вунь зірні – усюды процьма людзей і ўсе прыглядаюцца да нас. Хоць бы нам дзе-небудзь у падваротні зняць штыкі, каб не так кідацца ў вочы. Ты ад нас не ўцячэш? А то ў нас будуць непрыемнасці. Я праўду кажу, Тонік? – звярнуўся ён да бамбізы.
Той ціха адказаў:
– Штыкі можна і зняць. Усё ж гэта наш чалавек. – Ён адолеў у сабе скепсіс, і душа яго цяпер поўнілася спачуваннем да Швейка. Яны нагледзелі прыдатную браму, знялі там штыкі, і таўстун дазволіў Швейку ісці побач з ім.
– Закурыў бы, га? – спытаў ён. – Хто ведае… Ён хацеў сказаць: «Хто ведае, ці даюць закурыць перад тым як павесіць», але не дакончыў фразы, адчуваючы, што гэта было б нетактоўна.
Усе закурылі, і канваіры Швейка пачалі распавядаць яму пра свае сем’і, што жылі пад Кралавеградцам, пра жонак, дзяцей, пра лапік палетка, пра адзіную карову…
– Піць хочацца, – сказаў Швейк. Цыбаты з малым пераглянуліся.
– На адзін келіх мы, бадай, таксама зайшлі б, – сказаў малы, прадчуваючы згоду цыбатага, – але куды-небудзь так, каб не вельмі кідацца ў вочы.
– Давайце зойдзем у «Куклік», – прапанаваў Швейк, – там вы свае стрэльбы можаце пакінуць на кухні, карчмар там Серабона, сокал*, яго можна не баяцца. Там іграюць на скрыпцы і на гармоніку. Заходзяць туды шлюхі і іншая прыстойная грамада, якую не пускаюць у «рэпрэзенцяк»*.
Цыбаты з малым яшчэ раз пераглянуліся, і бамбіза пагадзіўся:
– Давайце зойдзем, да Карліва яшчэ далёка. Па дарозе Швейк расказваў ім розныя анекдоты, і ў добрым настроі яны ўвайшлі ў «Куклік» і зрабілі так, як раіў Швейк. Вінтоўкі схавалі на кухні і пайшлі ў агульную залу, дзе скрыпка з гармонікам напаўнялі памяшканне гукамі ўлюбёнай песні: «На Панкрацы, на гары гожыя прысады».
Нейкая паненка сядзела на каленях у зморанага дзецюка з гладка зачэсаным праборам і спявала сіпатым голасам: «Сватаў, сватаў я дзяўчыну, а гуляе з ёй другі».
За адным сталом спаў п’яны сардыншчык. Час ад часу ён прачынаўся, біў кулаком па стале і, прамармытаўшы «Не ўдасца!», зноў засынаў. За більярдам пад люстрам сядзелі тры дзеўкі і пакрыквалі нейкаму чыгуначнаму кандуктару:
– Малады чалавек, пачастуйце нас вермутам! Каля музыкаў двое спрачаліся за нейкую Маржанку, якую ўчора схапіў патруль. Адзін гэта бачыў на ўласныя вочы, а другі запэўніваў, што яна, быццам, пайшла спаць з нейкім салдатам у гатэль «Вальшы».
Каля самых дзвярэй у акружэнні цывільных сядзеў салдат і расказваў, як яго параніла ў Сербіі. Адна рука ў яго была перавязана, а кішэні набіты сігарэтамі, якія ён атрымаў ад сабутэльнікаў. Ён прасіўся, кляўся, што не можа больш піць, а адзін з кампаніі, пляшывы старычына, панукаў:
– Ды выпіце, салдацік, хто ведае, ці сыдземся яшчэ калі? Загадаць, каб вам сыгралі што-небудзь? Вы любіце «Сірацінку»?
Гэта была любімая песня