Прыгоды ўдалага салдата Швейка. Яраслаў Гашак
калі яго прызначылі фельдкуратам, купіў сабе каня і гарцаваў на ім па Празе і з найвялікшай ахвотай прымаў удзел ва ўсіх папойках афіцэраў свайго палка.
На лесвіцы дома, дзе ён кватараваў, вельмі часта гучалі кленічы незадаволеных крэдытораў. Ота Кац вадзіў да сябе дзевак з вуліцы ці пасылаў па іх свайго дзеншчыка. Ён вельмі любіў гуляць у карты, і хадзілі небеспадстаўныя чуткі, што гуляе ён нячыста, але нікому не ўдавалася давесці, што ў шырокім рукаве яго сутаны быў схаваны туз. У афіцэрскіх колах яго звалі святым айцом. Да казані ён ніколі не рыхтаваўся, чым адрозніваўся ад свайго папярэдніка, які раней таксама наведваў гарнізонную турму. Таму засела ў галаву, што салдат, пасаджаных у турму, можна выправіць казанямі з кафедры. Гэты высокапаважаны пастар набожна закочваў вочы і гаварыў арыштантам пра неабходнасць рэформы законаў аб прастытутках, матках-адзіночках і выхаванні пазашлюбных дзяцей. Яго нудныя казані мелі абстрактны характар і ніяк не былі звязаны з сучасным становішчам спраў.
Ота Кац, наадварот, сваімі казанямі весяліў усіх.
Надышоў урачысты момант, калі шаснаццатую камеру павялі ў сподніках, бо дазволіць арыштантам надзець штаны было рызыкоўна – раптам нехта ўцячэ. Дваццаць анёлкаў у белых сподніках паставілі перад самой кафедрай. Некаторыя з тых, каму ўсміхнулася фартуна, жавалі знойдзеныя па дарозе акуркі, бо не мелі куды іх схаваць – у сподніках кішэняў не было. Астатнія арыштанты стаялі наўкола і любаваліся выглядам дваццаці пар сподяікаў.
На кафедру, пазвоньваючы шпорамі, узлез фельдкурат.
– Habacht! – скамандаваў ён. – На малітву! Усім паўтараць за мной, што я буду гаварыць! А ты там, з-заду, хам, не смаркайся ў кулак, ты ў храме божым, а то загадаю пасадзіць у карцар! Мусіць, ужо забыліся, недавяркі, «Ойча наш»? Ану, паспрабуем… Я так і ведаў, што не пойдзе. Дзе ўжо там «Ойча наш»! Вам бы зараз па дзве пайкі мяса ды з фасолевым гарнірам, легчы на бруха і калупаць у носе, не думаючы пра пана бога. Ці не праўда?
Ён паглядзеў з кафедры ўніз на дваццаць белых анёлаў у сподніках – як і ўсе астатнія, яны знайшлі сабе занятак – забаўляліся. У задніх радах гулялі ў «мяса»*.
– Вельмі цікава, – шапнуў Швейк свайму суседу, на якім ляжала падазрэнне, што ён за тры кроны адсек свайму таварышу сякерай усе пальцы на руцэ, каб той вызваліўся ад вайсковай службы.
– Ці тое яшчэ будзе! – адказаў сусед. – Ён сёння здорава нажлукціўся, значыцца, зноў будзе балакаць пра цярністы шлях грэху.
Сапраўды, фельдкурат сёння быў у надта добрым настроі. Сам не ведаючы, навошта, ён увесь час перагінаўся з кафедры і мала не страціў раўнавагі і не зваліўся ўніз.
– Вы, лайдакі, ніколі нічому не навучыцеся, – вяшчаў фельдкурат. – Я за тое, каб вас усіх пастраляць. Вы добра мяне зразумелі? Я заяўляю з гэтага божага месца, нікчэмнікі, таму што бог ёсць быціе… якое вас не баіцца, а так возьме вас у работу, што вы ачмурэеце, бо вы не хочаце звярнуцца да Хрыста і лепей будзеце ісці цярністым шляхам грэху…
– Вово,