Прыгоды ўдалага салдата Швейка. Яраслаў Гашак
адаслаў іх Лінгарту. Зараз я яму затэлефаную. Алё, гаворыць следчы, надпаручнік Берніс. Пане капітан, скажыце, калі ласка, ці няма там у вас папер адносна нейкага Швейка. Павінны быць у мяне? Дзіўна… Я сам ад вас прымаў? Сапраўды дзіўна… Сядзіць у шаснаццатай… Я ведаю, пан капітан, што шаснаццатая ў мяне. Але я думаў, што паперы наконт Швейка валяюцца дзе-небудзь у вас… Што? Вы просіце з вамі так не гаварыць? У вас нічога не валяецца? Алё! Алё!
Следчы Берніс, збянтэжаны, прысеў да стала і пачаў асуджаць непарадак у вядзенні следства. Паміж ім і капітанам Лінгартам даўно ўжо існавала непрыязнасць, якую яны надта паслядоўна павялічвалі. Калі папера па ведамстве Лінтарта трапляла ў рукі Берніса, то Берніс засоўваў яе так далёка, што ніхто ўжо знайсці не мог. Тое ж самае рабіў Лінгарт з паперамі, якія пасылаліся Бернісу. З-за гэтай узаемнай нялюбасці прападалі і дадаткі да спраў.
(Справа Швейка была знойдзена ў архіве вайскова-палявога суда толькі пасля перавароту з наступнай нататкай: «Збіраўся скінуць маску крывадушнасці і адкрыта выступіць супраць асобы пана імператара і нашай дзяржавы». Справа Швейка была засунута сярод папер нейкага Бзафа Коўдзелы. На вокладцы справы быў пастаўлены крыжык, а пад ім: «Прыведзена ў выкананне» і дата.) – Значыцца, Швейк у мяне згубіўся, – сказаў следчы Берніс. – Я загадаю выклікаць яго сюды і, калі ён не прызнаецца ні ў чым, дык адпушчу і загадаю адвесці да цябе, а астатняе ты ўжо сам уладкуеш у палку.
Пасля таго як фельдкурат пайшоў, следчы Берніс загадаў прывесці Швейка, але прымусіў яго чакаць каля дзвярэй, бо якраз у гэты момант атрымаў тэлефанаграму з паліцэйскай управы.
Швейк тым часам разглядаў канцылярыю вайсковага следчага. Нельга сказаць, каб яна рабіла прыемнае ўражанне, асабліва фатаграфіі розных экзекуцый, праведзеных арміяй у Галіцыі і Сербіі. Гэта былі мастацкія фатаграфіі спаленых хат і асмаленых дрэў, галіны якіх сагнуліся пад цяжарам павешаных. Асабліва прыгожая была фатаграфія павешанай сям’і з Сербіі: маленькі хлопчык, бацька і маці. Два салдаты з вінтоўкамі ахоўваюць дрэва, на якім вісіць некалькі чалавек, а на пярэднім плане ў паставе пераможцы стаіць афіцэр, курыць сігарэту. Удалечыні відаць дзеючая палявая кухня.
– Ну, дык што там у вас, Швейк? – спытаў следчы Берніс. – Чаго вы там нарабілі? Прызнаецеся ці будзеце чакаць, пакуль складзём на вас абвінаваўчы акт? Так не выйдзе! Не думайце, што вы перад нейкім такім судом, дзе следства вядуць цывільныя ёлупні. У нас суд вайсковы! Адзіным вашым паратункам ад строгай і справядлівай кары можа быць толькі поўнае прызнанне.
У следчага Берніса быў адмысловы метад на выпадак, калі згубіцца матэрыял супраць абвінавачанага. Як бачыце, нічога асаблівага ў гэтым метадзе не было, таму можна не здзіўляцца, што вынікі такога расследавання і допыту заўсёды былі роўныя нулю.
Следчы Берніс лічыў сябе настолькі праніклівым, што, не маючы матэрыялу супраць абвінавачанага, не ведаючы, у чым яго вінавацяць і за што ўвогуле ён сядзіць у турме, з адных толькі назіранняў за паводзінамі і фізіяноміяй