Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда. Васіль Герасімчык
з ліку найбольш энергічных і здольных вясковых жыхароў – сялян і дробнай шляхты.[204] Менавіта на недахоп падобнай “Арганізацыі” як адзінай рэчы, якая бракуе “Дэмакратыі” для яе перамогі ў Еўропе, звярталі ўвагу найбольш радыкальныя прадстаўнікі сацыялістычных поглядаў сярэдзіны ХІХ стагоддзя.[205]
У той час, як шляхецкая моладзь з тэрыторыі Рэчы Паспалітай удзельнічала ў абмеркаваннях аб пошуку шляхоў яе незалежнасці, звязваючы гэта з вырашэннем так званага “польскага пытання”, Канстанцін Каліноўскі ўздымаў на першы план “сялянскае пытанне”, што, у сваю чаргу, разглядалася ім як асноўны спосаб дасягнення незалежнасці радзімы. Каліноўскі злучаў два гэтыя пытанні ў адно, але ў выніку атрымаў падтрымку толькі невялікай суполкі студэнтаў ды афіцэраў, каб урэшце быць абвінавачаным як “на словах крыважэрны дэмагог”,[206] нягледзячы на тое, што ў гэтым сэнсе ён меў папярэднікаў з ліку тых, каго на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай лічылі героямі, якія аддалі жыццё за ўласныя погляды. Гэта Міхаіл Валовіч, Шымон Канарскі і, перш за ўсё, лідар кракаўскага паўстання 1846 года Эдвард Дамбоўскі, які намагаўся па вёсках “тлумачыць сялянам, што рэвалюцыя ім уласнасці жадае і ў іх імя выступае”.[207] Нездарма ўзгадка пра “аграрную рэвалюцыю” як умову “нацыянальнага вызвалення” знайшла адлюстраванне нават у “Маніфесце камуністычнай партыі”.[208]
Яшчэ адразу пасля прыезду ў Маскву Канстанцін Каліноўскі адкрыў для сябе творы рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў, якія жадалі “каб Польшча была незалежная”.[209] Пацвярджэнне гэтаму ён знаходзіў падчас размоў з рускімі студэнтамі. У выніку гэтых адносін “Расія” для яго адкрывалася адначасова ў двух дыяметральна супрацьлеглых вобразах Масквы і Пецярбурга. З аднаго боку было “маскоўскае панаванне” і магутная Імперыя, з другога – тыя рускія, якія таксама расцэньвалі “царызм” як варожы лад і рыхтавалі выступленне супраць яго. Пры гэтым яны высока ацэньвалі ролю “Польшчы” (Рэчы Паспалітай), за аднаўленне якой выступалі: “І жадаем гэтага больш шчыра за многіх заходніх сяброў яе. Яны хочуць аднавіць Польшчу супраць Расіі, хочуць зрабіць з яе “лагер, а не форум”, як казаў Напалеон Нарбону, і абараніцца яе славянскімі грудзямі ад нас. Мы хочам Польшчу вольную і самабытную для таго, каб не было, нарэшце, ніякай прычыны разладу з Еўропай. Пакліканне Польшчы – гэта мір, а не гэта вайна; яна не памежная варта Еўропы, не плот паміж двума сем’ямі чалавецтва, а пасрэдніца іх. Яна, са славянскай крывёю ў жылах і з еўрапейскай адукацыяй у норавах, прызначана лёсам быць вялікім Camp du drap d’or[210] – гэтай сустрэчы. Яна злучыць сваімі мужнымі рукамі рукі адзінаборцаў, не абліваючы іх зноў сваёю ўласнай крывёю. Ёй не патрэбна больш ахвяраў; яе святыя могілкі павінны абрасіцца не яе крывёю, а нашымі слязамі”.[211]
Погляды Канстанціна Каліноўскага грунтаваліся на самых радыкальных тэорыях, якія ў гэты час распаўсюджваліся ў Пецярбургу дзякуючы “Полярной звезде”, герцэнаўскаму
204
Ратч, В.Ф. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России / В.Ф. Ратч. – Вильно, 1867. – Т. 1. – С. 183: “Ён заяўляў, што пакажа з дробнай шляхты і з сялян на здольныя асобы, якія здолеюць паноў прыняць у рукі…; Ён жадаў прыцягнуць да сябе народ, далёка выйшаўшы з межаў надзелаў, аддаць усю зямлю сялянам, і з асяроддзя сялян абраць асобы для выканання свайго плану”.
205
На гэтую важнейшую праблему звяртаў увагу Цэнтральны камітэт еўрапейскай дэмакратыі ў звароце ад 22 ліпеня 1850 года “Да народаў”, падпісаным французам Аляксандрам Ледру-Раленам, італьянцам Джузэпэ Мадзіні, немцам Арнольдам Ругэ і палякам Войцехам Дарашам. Do Ludów / Co przed nami? – Paryż, 1850. – S. 11: “Не хапае Дэмакратыі адной толькі рэчы; але гэтая рэч жыццёвая: назва ёй арганізацыя”.
206
Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857–1865. 2 t. – Wilno, 1913. – T. 1. – S. 222.
207
Stecka, M. Edward Dembowki / М. Stecka. – Lwów, 1911. – S. 49. Дамбоўскі быў схоплены сялянамі, за інтарэсы якіх змагаўся, і ледзь не быў перададзены ў рукі аўстрыйцаў. Затым таксама намагаўся выкарыстоўваць у прапагандысцкіх мэтах ксяндзоў для ўздзеяння на сялян і сам у белай сутане і крыжам у руцэ выправіўся па вёсках. Але ў адной з сутычак з аўстрыйскімі вайскоўцамі загінуў.
208
Маркс, К., Энгельс, Ф. Манифест коммунистической партии / К. Маркс и Ф. Энгельс. // Сочинения. – М., 1955. – Т. 4. – С. 458: “Сярод палякаў камуністы падтрымліваюць партыю, якая ставіць аграрную рэвалюцыю ўмовай нацыянальнага вызвалення, тую самую партыю, якая выклікала кракаўскае паўстанне 1846 года”.
209
Герцен, А. К нашим / А. Герцен // Полярная звезда. – Лондон: Вольная русская книгопечатня, 1855. – Книга первая. – С. 226: “Я веру ў магутнасць слова, я веру ў мірнае злучэнне на адну агульную справу. Народнасць – любоў да сваіх, не значць нянавіць да другіх. Што зрабілася са справядлівай нянавісцю Палякаў да Рускіх, пры першым адкрытым слове любові і прымірэння Палякі і Рускія ўказалі на агульнага ворага і абняліся. Вось як важна выказвацца; маўчанне знак прыхаванай думкі, значна больш, чым згоды.
Што ж выйшла з гэтага збліжэння польскіх выгнаннікаў з гнанымі Рускімі? Тое, што Палякі жадаюць, каб мы былі вольнымі, а мы – каб Польшча была незалежная”.
210
З фр. “Поле залатой парчы”. Герцэн мае на ўвазе месца сустрэчы англійскага караля Генрыха VIII і французскага караля Францыска І, якая праходзіла 7-23 чэрвеня 1520 года непадалёк ад Кале. Нягледзячы на маштаб сустрэчы, з-за якой скарбніцы Англіі і Францыі апынуліся ў дэфіцыце, яна не дасягнула сваёй мэты: замацаванне сяброўскіх адносін паміж двума манархіямі.
211
Герцен, А. К нашим / А. Герцен // Полярная звезда. – Лондон: Вольная русская книгопечатня, 1855. – Книга первая. – С. 227.