Мой дзень пачынаецца (зборнік). Коллектив авторов
трымаў сваё вядро і думаў: «Мама будзе хвалявацца, чаму мяне так доўга няма…»
Хлопчыку надзелі бліскучы медаль на шыю і ўручылі вялікі, у рост самога героя, букет кветак. Мэр горада паціснуў «Юнаму выратавальніку на вадзе» руку і сказаў, звяртаючыся да тэлекамер:
– Сёння ты – герой. Гераізм – такая рэдкая з’ява ў нашы дні… Героі маюць права выбіраць сабе ўзнагароду, а мы не маем права быць скупымі. Хочаш, я адвяду цябе ў самы буйны магазін цацак, і ты возьмеш там усё, што табе захочацца?
– Не…
– Так-так, я ведаю. Напэўна, ты хочаш скіравацца ў магазін спартыўных тавараў?
– Не. Спадар мэр, я хачу ў вялікую встранамічную краму, – сказаў хлопчык і пачырванеў.
– Ты захапляешся астраноміяй? Які неверагодны хлопчык! Што ж, гэта твой выбар! Хай будзе так! – абвясціў мэр, і рэпарцёры зашчоўкалі фотаапаратамі.
Мэр пасадзіў хлопчыка ў свой аўтамабіль. Хлопчык ехаў, як сапраўдны прынц, кветкі казыталі яму шчокі і шыю, і ўсе жыхары горада паказвалі на машыну ды казалі: «Гэта той самы хлопчык, які выратаваў дачку мэра!»
Вялікая астранамічная крама была такая ж неабсяжная, як космас. Чаго ў ёй толькі не было! Папяровыя і электронныя энцыклапедыі, праектары Млечнага Шляху, зорныя карты, тэлескопы – ад самых маленькіх да такіх агромністых, што з імі ў камплекце прадаваліся лесвіцы! Тут можна было набыць кавалкі метэарытаў і астэроідаў, лунны грунт і меркурыянскія камяні (модніцы ўстаўлялі іх у пярсцёнкі), паветра з Венеры ў вакуумных шкляных тубах, скафандры, кансервы «Сняданак касманаўта», макеты ракет і касмічных караблёў, агурковую расаду, прарошчаную ва ўмовах бязважкасці – і, канешне, глобусы ўсіх планет і іх спадарожнікаў зямнога тыпу, розных фасонаў і мадыфікацый, ад нерухомых да такіх, якія ўмелі размаўляць на некалькіх мовах.
Крама пералівалася, свяцілася, міргала агеньчыкамі, з розных аддзелаў чулася музыка, размовы і «белы шум», праз які ледзьве заўважна прабіваліся сігналы з самых далёкіх куткоў Галактыкі.
У краме было поўна народу, і сам дырэктар ужо чакаў мэра і хлопчыка на першым паверсе, у цэнтры залы. Убачыўшы важных гасцей, дырэктар пакланіўся мэру і падскочыў да хлопчыка:
– Прывітанне! Выбірайце, выбірайце ўсё, што вам хочацца!
Хлопчык агледзеўся. Вочы мружыліся ад святла і асартыменту. «Абяры мяне!» – прасілі радары, навігатары і канструктары марсаходаў.
– Я хачу глобус Еўропы, – збянтэжана сказаў маленькі герой.
– Нечаканы выбар! – здзівіўся дырэктар і пляснуў у ладкі.– Прынясіце сюды самую новую Еўропу!
Праз хвіліну ў зале з явіліся асістэнты з падарункам. Вялікі, электронны, з блакітным унутраным падсвятленнем і падрабязным рэльефам ільдзяной, перарэзанай шнарамі ад метэарытаў, паверхні, зіхоткі, як дыямент, глобус Еўропы цяжка апусціўся ў рукі хлопчыка.
– Паглядзіце! Маленькі герой атрымаў сваю ўзнагароду! – ахнула зала ў захапленні. Мэр звярнуўся да хлопчыка – гучна, каб чулі ўсе прысутныя:
– Ты мог выбраць усё, што заўгодна – веласіпед, падарожжа ў любую