Беларусалім. Кніга першая. Золак. Павел Севярынец
да Нью-Ёрка руднае жалеза ў ягонай крыві імгненна плавілася і пад ударамі сэрца выкоўвала волю, падобную да той, зь якой тысячу гадоў таму яшчэ адзін хлопчык з гэтага краю скарыў усё чалавецтва пад уладу найвялікшай імперыі да апошняга цёплага мора.
Ад надта яркага сьвятла ў прыбіральні балесна прымружыўся – усё-такі трэба распарадзіцца пра мяккую лямпу.
Штопраўда, у гэтай занядбанай краіне за ўсе тры з паловай гады вартых ворагаў так і не знайшлося, грэбліва думаў Цімур, пакуль ягоная гарачая мача струменіла ва ўнітаз. Ды й адкуль ім тут узяцца, ён страсянуў апошнія залацістыя кроплі над люстранай бельлю, так сабе, балота, напаўрасея, недаеўропа. Мужыкоў вобмаль, або алькашы, або хаваюцца ў бульбу ад гучнага голасу. Увогуле, кажуць адно, думаюць другое, маюць на ўвазе трэцяе, хочуць чацьвёртага, а робяць насамрэч пятае. Толькі сапуць, калі іх апускаюць. Цішком, крадком нешта шыюцца, а ў лоб слабакі. Колькім ён ужо зруйнаваў псіхіку, колькіх паставіў на калені… Духу прасторы, шырыні, вольнага ветру ў душах тут яму не ставала. Свабоды!.. Кіраўнікі – ніякія. Лідэры адсутнічаюць як клас. Менеджмент – сярэдняга ўзроўню максімум. Полуросьлікі, адным словам… – з шумам спусьціў ваду і закрыў тэму.
Хіба што Іосіфавіч, зноў яркае сьвятло з ваннай у твар. Шыз, канечне, так зафугасіць мабілай у галаву… Цімур агледзеў у люстры вялізную барвовую ссадзіну на ўспухлай лобнай дузе, па самай залысіне, быццам адтуль, знутры, успучваў чэрап пачварны рог. Мог жа і вока выбіць, і скронь раскроіць насьмерць – а так… Рэакцыя ўратавала, па датычнай прайшло, Цімур па-баксёрску павёў галавой туды-сюды. Глянь ты, стрэліў-такі наапошак. Баец. Тым лепш. Калі вораг не здаецца, яго тады што? Правільна. Цімур спаласнуў лязо. А шкада. Гэты сапраўды мог. Узяць хаця б готыку на вежы былога “Хілтану”, была звычайная чорная тумба, стаў замак з “Валадара пярсьцёнкаў”. І кідок нішто сабе. Як з прашчы.
Цімур з фырканьнем спаласнуў твар і зарычаў ад болю. Нічога, ты яшчэ гэтым ілбом прашыбеш не адну сьцяну.
Факт ёсьць факт, гэта ён прапанаваў чорны квадрат. Стары мудры Альберт тады казаў:
– Паглядзі, Цімур. Ну, паглядзі ўнутр. Бачыш? Калі ты глядзіш у бездань – не забывайся: бездань таксама глядзіць на цябе.
Гэта заварожвала, як ён падае ідэі.
Цяпер уся Беларусь у чорных квадратах. У “Непагасным” на ўваходах, у замках кабінетаў, на касах у карпаратыўных крамах. Біяметрыя. Прыглядзеўся – адчынілася. Прыклаў далонь – счытвае грошы з рахунку. І знак, як быццам хтосьці лёгенька прыпячатвае абцасамі: гатова.
Але гэта толькі пачатак.
Сем мільёнаў кліентаў – тэлевізіі, гандлёвых цэнтраў, банкаў, латарэяў, казіно, кавярняў, айцішных кампаніяў – з пакетам асабістых зьвестак пра кожнага і праграмамі індывідуальных замоваў для любога, ад інтэрнэт-тэлекаму да кулінарных рэцэптаў ды квіткоў на футбол. Адпрацаваная мадэль для сямі мільярдаў насельнікаў зямнога шара.
Над працягам пад зямлёй працуе чатыры паверхі дактароў, навукоўцаў і праграмайстраў. Пара дотыкаў да экрану твайго айфона – і болю няма. Яшчэ клік – і цябе