Беларусалім. Кніга першая. Золак. Павел Севярынец
краіне, з прыцэлам ва ўсе кірункі сьвету, стварыць матрыцу, якая хутка пачне паглынаньне ў сусьветным маштабе.
Вось для чаго яму была патрэбная жанчына. Ня проста жанчына – Жанчына. Тайна. З глыбокімі цёмнымі вачыма. Гэта найбольш прыцягальна. Прыгажосьць, якая ўнушае страх. Бяздоннае распусты – і ўладарная. Клеапатра. У чорнай-чорнай краіне, у чорным-чорным палацы, у чорным пакоі, на чорным ложку і, чорнае піянерскае, у адной чорнай бялізьне – чорная каралева ў ягоных усясьветных шахматах. Магніт. Пастка для выбраных – і сяброў, і ворагаў.
Цімур адчуў мурашкі па скуры, яшчэ раз згадаўшы тую. Гэта ты слушна, стары мудры Альберт. Гэтую трэба пільнаваць. Зьвер зоймецца. Але што за дрыжыкі? Няўжо ён, валадар, баіцца прызнацца сабе, што сам яе па-ранейшаму хоча?
Стаў на імгненьне сярод пакоя, упарта матнуў галавой.
Гарачая чорная кава ў фірмовай прастакутнай філіжанцы ўжо дымілася на століку – прыслуга працавала, як і належыць, незаўважна. Пару каўткоў, каб зарадзіць пякучай горыччу начныя мазгі. Цокнуў, як ладдзёй, на паліроўку – шах! – і пстрыкнуў пультам.
На Першым разаграваў публіку навагодні канцэрт. На Другім з чорных квадратаў успыхвала рэклама: “Твой год: як сустрэнеш, так і правядзеш!” Трэці раскручваў выбраную Танцаўшчыцу. Цімур на момант затрымаўся. Пантэра. Фігура, чорныя панчохі, сетка, каруначкі. Ох, як сьцёгнамі пераліваецца – нездарма тры гады ў Эміратах задам круціла. Яшчэ чачотка ў яе выкананьні – першакласная. Так і б’е, так і шчоўкае, да пячонак, хоць ты што хочаш. Мата Хары, другое прышэсьце.
Пільным вокам, канечне, ён фіксаваў нацяжкі ды хібы, за якія зьнізіць выплату рэжысёрам, але для тутэйшай сельскай мясцовасьці пайдзёць. Прыёмы простыя, як зямны шар: з усяе сілы валіш у вочы ды вушы, галоўнае трапіць у страўнік або паміж ног, каб імпульсы з гулам ударылі ў голаў, і тады натоўп шалее ды ломіцца. Што тут, што ў Штатах – псіхатып тых, хто ўтаропіўся ў чорную скрыню, аднолькава прымітыўны.
Шчоўкнуў на Першы.
У кадры, буйна, мільгнуў доктар Альберт Ліхтштайнэр. Час ад часу на яго пераключаюць, хаця ў студыі ён заўжды маўчыць. Стары мудры Альберт, пігментныя плямы на твары, у чарапахавых складках зморшчынаў чорныя, учэпістыя лапкі вейкаў і глыбокія-глыбокія па-габрэйску абрэзаныя вочы дагістарычнага яшчара.
Габрэй, канечне, габрэй. Сам казаў, што ў яго не радавод, а трэці інтэрнацыянал: бацька немец, маці руская, бабка аўстрыячка, прадзед арабскі шэйх… Не, тыповы.
Буяе відовішча, воплескі, плазма экранаў. Сьвята ў разгары. Глядзіць, назірае Альберт, Доктар Шчасьце. Тваё шчасьце, доктар, што ты ўжо стары. Ты адзіны, хто нават не спрабаваў глядзець Цімуру ў вочы, і гэта ты слушна. Прымружваецца, паглядвае, уздрыгне зьдзіўлена ці ўсмешліва вока яшчара, і рэжысёры пераключаюць, каб ведалі: Доктар Непагасны пільнуе тваю душу.
Глыбока глядзіць стары мудры Альберт, глыбока. Са сваёй заўсёднай люлькай з бурштынавым муштуком, там, у гатэлі, зь відам на начны горад, які ніколі ня сьпіць, напаўняючы пакой