Беларусалім. Кніга першая. Золак. Павел Севярынец
– могуць з заплюшчанымі вачыма паказаць, дзе ўвайсьці ў чалавека і як зь яго выйсьці… Ці вывесьці яго з самога сябе, хе-хе… І вырастаў перад імі Палац, піраміда чорнага лабрадарыту, вяршыня айсберга па-над Цімуравым падвалам.
– Задача вельмі простая. Чалавечая воля. Гэта выключальнік. Яе можна зьвесьці да электрычных імпульсаў, гармонаў і лёгкай хіміі. Клемы. Плюс, мінус. Кнопка… У кожным індывідуальным выпадку (а гэта пара дзясяткаў тыпаў) э-ээ… элементарная праграма… Цяпло. Задавальненьне. Камфорт. Эйфарыя. Стань богам для самога сябе. Табе не патрэбныя для гэтага іншыя. Глядзіце глыбей, Андрэй… Вашае імя – Андрэй. Андр – чалавек… У вас ёсьць сьвятло. Чорны квадрат і Беларусь. Бездань сэнсу.
І ён паверыў. Што толку…
О, хай бы і зараз у пераход дзевяцьсот дзевяноста дзявятага, дзе сорак дзьве дзяўчыны і дванаццаць хлопцаў ціснуліся, правальваліся, зь сіпеньнем выдыхаў ды трэскам рэбраў вывальвалі разбухлыя языкі і скаўтвалі сьмерць без аніякіх высілкаў са свайго боку, без рашэньняў, без апошніх рыўкоў!..
Але ў адным доктар Альберт меў рацыю – твой сьвет унутры цябе. І ён ведае, як яго адключыць раз і назаўжды, каб зьніклі і холад, і страх, і боль.
– Бездань сэнсу… Ммм… – пасмакаваў тады наапошак стары Альберт, і пыхнуў, і сьвет закалыхаўся, – Што ж, буду лічыць за гонар, калі Вы пагодзіцеся… эээ… як-небудзь выпіць са мной… скажам, кубачак кавы… І патлумачыць… што планета Зямля можа пачарпнуць для сябе ў гэтым вашым гіганцкім і, без сумненьня… глыбокім… балоце.
І была шыльда на празрыстых дзьвярох, і надпіс белым па чорным “Беларускі аддзел”, і цэлы офіс у Палацы Рэспублікі, які яны міжсобку менавалі “Беларусь у квадраце”.
І былі беларусы з усёй Беларусі – усе, хто застаўся, і яны размаўлялі ў ягоным аддзеле па-беларуску, і ад размаху праектаў у кожнага, хто ўваходзіў сюды, вочы і праўда былі чорныя: настолькі пашыраліся зрэнкі. І былі цэлыя бібліятэкі арнаментальных рунаў, выбудаваныя табліцамі ў таямнічы алфавіт абярэгаў і іерогліфаў; і грандыёзнае аднаўленьне Крэўскага замка, колькісотметровага квадрата з каменных глыбаў, зь вежамі Вітаўта, Кейстута, Ягайлы ды Сьвідрыгайлы, і галавакружны верталётны палёт з фотасесіяй, каб зьняць яго з птушынае вышыні; і шматтысячныя дэгустацыі налівак, настоек ды самагонаў з усіх паграбоў і пушчаў, разьлітыя ў гранёныя штофы і кубічныя чаркі; і міжнародныя форумы авангарднага віцебскага мастацтва ХХ стагоддзя, і сетка кавярняў са здагадайся якімі столікамі, ліхтарамі, тэчкамі меню; і, канечне, квадратныя сонечныя гадзіньнікі на нулявых кіламетрах цэнтральных пляцаў райцэнтраў; і габрэйскія, масонскія ды езуіцкія маршруты з адпаведным эскортам па глыбінцы; і беларускі выпуск “Playboy” з арыйскімі дзевачкамі ў бялізьне “Мілавіцы”, што трымаюць перад сабой тонкія малевіцкія рамкі і міла асвойваюць “смочкі”, “любошчы”, “шмаравідлы” ды чорныя ромбападобныя станікі; і мадэрновыя помнікі з каўказскага базальту, і шыкоўныя, плітамі, фотаальбомы ў стылі змрочнага Рэмбранта, і процьма іншых глянцавых,