Завяршыць гештальт. Макс Шчур
кантракту ёсьць пункт наконт хатняй жывёлы: яе абавязкова трэба браць з сабой!
– Калі толькі гэта не карова, – дадае на ўсякі выпадак Марыін муж, – і калі сталыя гаспадары вашага часовага дому ня супраць.
– А калі супраць? – пытаюся я.
– Тады яе нельга браць з сабой ні ў якім разе! – прасьвятляе мяне Марыя. – Для гэтага ў цывілізаваных краінах сьвету ёсьць адпаведныя службы, прытулкі, а ў бальшыні нармальных людзей яшчэ й сваякі і знаёмыя.
– А калі… – пачынаю я.
– Калі што?
– Ат, нічога.
– Ну што вы ўжо, дагаворвайце! Між намі ня можа быць ніякіх таямніцаў! Вы ня маеце каму аддаць свайго хатняга ўлюбёнца? Гледзячы на вас – напэўна, ката? Каб не аказалася, што ён бадзяецца недзе па двары, а ўвечары прыйдзе мяўкаць да нас, то бок да вас, пад дзьверы… Вы прынамсі набылі яму на два тыдні ежы? Ці нам давядзецца выдаткаваць на яе ўласныя грошы? І хто будзе прыходзіць выносіць за ім фэкаліі? Вы ж курыце дома дзеля таго, каб перабіць іхны смурод? Куды ён наагул у вас ходзіць? Ці можа вы навучылі яго карыстацца ўнітазам разам з вамі? Ды яшчэ й змываць за сабой?
– Няма ў мяне ката, – з шкадаваньнем у голасе кажу я. – Мой адзіны хатні ўлюбёнец – я сам.
16
Сузіраючы пад тунісійскі гіп-гоп нуднае раздольле палёў Вялікай Нямеччыны, я пачынаю думаць, што не было б вялікай бяды, калі б яго сапраўды засяліла нейкае іншае племя, лішняга месца тут – як на Дзікім Захадзе. А з часам і заселіць – недахопу ў зацікаўленых няма й не было ніколі. Тая ж Расея ніколі не даруе брыдкім англасаксам, што яны не дазволілі ёй акупаваць УСЮ Нямеччыну (калі не наагул увесь былы Райх, ідэальна – у камплекце зь яго хаўрусьнікамі й так званымі нэўтральнымі краінамі), да аснаванья прынізіць ейнага «асабістага» ворага – то бок былога адвечнага сябра, шэр амі, які дазволіў сабе недаравальна й падступна ёй здрадзіць. За дзьвесьце папярэдніх гадоў дынастычна-эканамічнага шлюбу, перарыванага кароткімі сямейнымі скандаламі (хто каго чубіць), нямытая (цытую) расейская красуня ператварылася пад пэдантычным нямецкім уплывам у сьвецкую даму, «Май Фэйр Лэйдзі», а калі з гжэчнага мужа раптоўна вылупіўся бабздыр, псыхапат, забойца й хатні гвалтаўнік, яна тут жа згадала свае сялянскія карані й пачала яго люта пізьдзіць, каб адпомсьціць і забясьпечыць сабе ўдоўскую спадчыну, бо ў сорак пяць, як вядома, баба ягадка апяць – але ж не, прыйшлі тут бляха нейкія дзіўныя пасярэднікі-адвакаты, пачалі бараніць правы здрадніка, дзяліць мужаву (уласна, супольную, як той казаў, кантынэнтальную) маёмасьць у рамках разводна-патсдамскага працэсу… З гэтага гледзішча вайна пакінула ў Расеі гэткі дзіўны прысмак незавершанасьці, які адчуваецца да сёньняшняга дня: яна папросту скончылася зарана, яе гвалтам (то бок мірам – што яшчэ горай) спынілі ў самым смаку, разьнялі байцоў за сэкунду перад накаўтам, хаця яшчэ мільёны а мільёны пралетарыяў (пра гэтых пазьней) былі падрыхтаваныя на ахвяраваньне дзеля нечуванага цывілізацыйнага посьпеху Расеі,