Завяршыць гештальт. Макс Шчур
красіць чалавека, а чалавек фарбуе хату – з нашай хатай, аднак, апроч прыборкі нічога рабіць ня трэба, яна ідэальная сама па сабе, галоўнае – па ад’езьдзе пакіньце ўсё такім, якім знойдзеце адразу па прыбыцьці, гэта так званае Залатое Правіла Дамбартэру. Маўляў, каб і духу вашага – асабліва калі вы курэц – там не было.
Галава сям’і ў часе жончынага маналёгу збольшага маўчыць, усьміхаецца й гуляецца з маімі ключамі – нейкі цік, ці што – і наагул, увасабляе ў гэтай пары добрага сьледчага.
– Дарэчы, наконт ключоў… – насьмельваюся ўставіць я, заварожаны вынаходлівасьцю ягоных пальцаў, але мяне тут жа перабівае гаспадыня:
– Так, наконт ключоў! Ледзь не забылася! Што нам рабіць пасьля ад’езду з вашымі ключамі? Укінуць іх у паштовую скрыню?
– Паштовая скрыня, на жаль, не мая… – чырванеючы ад сораму, прызнаюся я, быццам мяне за штосьці адключылі нават ад гэтай найпрасьцейшай вымогі цывілізацыі.
– Што значыць – ня вашая?
Ну вось, яшчэ адна нетыповая праблема! У гэтых чэхаў усё не як у людзей! Ніякіх правілаў, адны выключэньні! пошту?
– Што ёю карыстаецца гаспадар кватэры…
– Добра, а на які тады адрас ВЫ атрымліваеце.
– Дагэтуль… То бок, на працоўны.
– Ну што ж, калі так, мы па вяртаньні дашлем вам ключы поштаю на працоўны адрас.
– Лепш будзе зрабіць гэта яшчэ тут, перад ад’ездам, – уступае ў гутарку мужчына. – Так таньней выйдзе.
– А можа мы проста перадамо іх камусьці з вашых сяброў? Сваякоў? Знаёмых? – выпытвае галяндка, зноў рытарычна.
– Не-не, лепей ужо поштай…
– Усё-ткі асабісты кантакт нашмат больш надзейны, – зацемлівае галяндзец. – А то памятаеш, Марыя, як было ў восемдзесят трэцім…
13
Мой новы кіроўца – чыстае ўвасабленьне так званага «пірата аўтабанаў», у дзяцінстве ён, верагодна, марыў быць гоншчыкам і цяпер сваю мару ажыцьцявіў, для яго існуе толькі левая паласа, на якой у Нямеччыне тэарэтычна няма абмежаваньняў хуткасьці – тэарэтычна, бо ці ня кожныя дзесяць кілямэтраў адбываюцца нейкія рамонтныя працы, лепшага часу за лета, восень, зіму або вясну для якіх няма, што выклікае ў гэтага аматара фільмаў пра «Таксі» нямецкамоўныя й англамоўныя выбухі эмоцый, а ў мяне – прынамсі часовую палёгку. Да таго ж, кіроўца яшчэ й сьпяшаецца ў Мангайм у сувязі з сваім бізнэсам, што дадаткова зьмяншае шансы нашага выжываньня – ну, прынамсі, мне ясна, чаму я еду зь ім адзін: працэнт самагубцаў сярод балбатрансераў невялікі. Пры гэтым ён, на злосьць усім вялізным папераджальным білбардам удоўж аўтабана, пазірае на дарогу толькі, так бы мовіць, адным шкельцам сонечных акуляраў, а другое цалкам пазычае для самаразгляду мне, свайму дарагому госьцю, якога гаспадар машыны нібыта павінен яшчэ й забаўляць, а не наадварот, як баяўся я.
У першыя ж хвіліны я даведваюся, што Ахмэд – паходжаньнем з Тунісу, але ўжо гадоў з адзінаццаці жыве ў Нямеччыне, у суме даўжэй чым я ў Чэхіі,