Выкраданьне вепрука. Ігар Сідарук
грубіянстваваць будзеш – і слухаць не захачу, – сычыхаю надзьмулася бабця. (“Ого, яшчэ тая каргеча!..”)
– Баліць мне, разумееш ты, парасолька ты недарэзаная, – Зьміцер і сам ня цяміў, чаму ён гэтую сьлязьлівую старычыху параўнаў зь нейкай “недарэзанаю парасолькаю”.
– Пайшоў вон, ш-чыкун! – раптам ціха-спакойна прашлямкала Аўдота, як быццам была не вядзьмічкаю-траўніцаю, а натуралёвым абспаднічаным босам у якое фэшэнэбэльнае канторцы.
– Ты мне траўку якую дай – даўно пайшоў бы! – Ужо й стаяць на нагах Зьміцеру не было як, а тут гэтая прахалюдра ну проста зьдзекам зьдзекуецца!.. – Болька ў мяне, разумееш?! На срацы!
– Бачу, што не на языку, – усё гэтак жа спакойна адказвала Аўдота, як быццам і на самой справе бачыла і Зьмітровы язык, і больку, і тое самае канкрэтнае мейсца. – Пакажы – будзе табе мазька.
– От, ёлупеніцтва непадмазанае! – Аблыга аж пабялеў, так задрынькала-захадохала яго гэтая бабішча. – Што я табе пакажу?! Што я табе, кура сьлепянечая, пакажу?
– Якая я табе “кура”? – не на жарт закрыўдавала траўніца. – Ты, малец, адсюль ідзі, ідзі! А не – дык псуцьця напушчу. Да скону сваго крывым будзеш.
Гэта ўжо Зьміцера ўзьела конча. Ён раптам, нават не зважаючы на пякельчысты сьверб ды вярэдзістае незагойства, згроб вобхапак нянавідлую старую, заціснуў, бы абцугамі, ёй шыю ды затрос нібы макаўку.
– Ах ты, сморча гаўнярская! Я табе напушчу псуцьця! Ды я хутчэй сам табе кіндзюхі твае цераз гарлячку выпушчу! – Трос і трос Аўдоту Аблыга. Тая толькі тузалася рукамі-нагамі, падобная на ляльку, скручаную з бруднай анучы ці на старую, няшчасную прусачыху, што раптам адчула свой перадсьмяротны час. А пралетар Аблыга шаленстваваў яшчэ болей. – Ты сама ў мяне траўкамі лекавацца будзеш! Калі толькі адрозьніш крываўку ад пырніку!.. І на гаршчок да самае сьмертухны не папросісься, гэта ўжо точна! Бач ты, псуцьця яна напусьціць!..
Бабця толькі шычэла, спрабуючы нешта давесьці Зьміцеру, хоць бы як, так бы мовіць, асьцюдзіць ягоны гарачы запал. Але той аступіўся, зачапіў нагою пустое вядро, амаль зьедзенае іржою; яно бразнулася набок. Дзяцюк адпусьціў бабцю, аднак гадзючыным выгінам падхапіў з падлогі вядро і не марудзячы насабечыў няшчаснае траўніцы проста на голаў. А для вернасьці убабохаў зьверху сваім пралетарскім пракопчаным кулачыдлам.
– А, б-блядзь! – захукаў Зьміцер на выцяты моцна кулак. Наўкол былі адныя боль, крыўда, зьдзекі, шкадоба.
А бабця зь вядром на галавёнушцы, насупраць лёгіцы, што зараз задзярэ яна дагары ногі ды ня вымавіць ані гучку, ня толькі здолела гукнуць хоць што – яна зараўла. Праўда, перад гэтым яна ўсё ж бразнулася на падлогу дакладна дагары нагамі, а потым ужо зараўла. Ды так, што Зьміцер ад сполаху не ад старое адскочыў, а да яе падбег і яшчэ раз гваздануў па донцы вядра, ад чаго у кулаку ягоным штосьці аж храснула.
– А-я-яйа-йа! – загаласіла старэча. – То ж забі-і-й-й-ва-ваюць!
– Я з-за цябе руку разьбіў, гадаўка! Костка трэсла!..
– Мі-ліцыя! Міліцы-я-а-а! Забівец ён! Як ёсьць, забівец!.. Зьмей пракляты!..
Пачуўшы