Выкраданьне вепрука. Ігар Сідарук
Вы прабачце, што так позна… Але, здаецца, у мяне былі злодзеі.
– Якія злодзеі? – перапытаў Стралкоўскі, нібы пачуў скрозь слухаўку аб нечаканым візытанцтве Папы Рымскага ў іхняе слыннае мястэчка.
– Ня ведаю. Але скралі Магамая…
– Якога Магамая?! – яшчэ болей зьніякавеў участковы міліцыянт, зусім адурэлы ад выпітае гарэлкі.
– Прабачце, вепручка. Гэта мянушка…
– Чыя мянушка?!
– Я ж кажу, вепручка. – Андрэй, наколькі мог, стараўся не губляць вытрымкі. Па першых рэпліках Стралкоўскага ён зразумеў, што міліцыянты п'яныя ў дупель. Але ён сам наліваў ім сёньня надвячоркам, калі яны заехалі пацікавіцца, ці няма якіх-небудзь лішніх праблемаў. І во на табе – праблемы зьявіліся.
– Якога вепручка?.. – усё сыпаў дурнымі пытаньнямі Стралкоўскі.
– Ды майго, майго!
– І што зь ім?
– Нехта зьвёў з хлява! Напаіўшы абаіх, як мне здаецца па паху, бражкаю.
Стралкоўскі ўпароў вочы ў слухаўку. Памаўчаў, зноў паднёс да вуха:
– А ты што, праз слухаўку бачыш і пах можаш чуць?
На гэты раз узламаў бровы Шупенька. Яны там у сваёй міліцыі зусім мазгі сабе адпілі ці што?..
– Ды кабанчыкаў маіх бражкаю напаілі, кабанчыкаў! І аднаго зьвялі.
– Куды?..
– А я ведаю! Вывялі з хлява й павялі!.. Але ёсьць сьляды.
– Сьляды?
– Так. Кроў.
Пачуўшы пра кроў, Стралкоўскі жэстам паказаў Малюку наліць. Малюк наліў. Старшына хлабяснуў поўную шклянку.
– А ты таго… не выдумляеш?
– Ды якое выдумляю?
– Ну, мала чаго. Можа, прысьніў чаго ці з бабаю… не таго… І без таго засмучаны Шупенька, пачуўшы пра бабу, раззлаваўся:
– Слухай, Стралкоўскі, ты прыедзеш да мяне ці не? Тут кроў, кроў, разумееш ты гэта, міліцыянт доўбаны? Навальніца ж пачынаецца. Зараз змые к чорту матары ўсё!..
Стралкоўскі, яўна пакрыўджаны на Шупеньку за “доўбанага міліцыянта”, проста зароў у слухаўку:
– Нічога там не чапаць! Неадкладна выязджаем. Чакай!
– Што такое, Мікіта? – перапытаў сяржант Малюк у Стралкоўскага, убачыўшы, як у таго чырвоныя вочы наліваюцца бурачыньнем.
– А х… хрэн яго ведае! Магчыма, забойства. – Стралкоўскі спрабаваў запхнуць пісталет у кабур, аднак ён, гадзючына, ніяк не хацеў туды ўлазіць.
– Ц-ю-у!.. – сьвістануў Малюк. А потым вырачыўся на Мікіту: – Дык, значыць, да Манькі ня паедзем?..
– Да якой Манькі?
– Сікірыцкай.
– Да якой, блін, Манькі?!. – роў Стралкоўскі. – Зьбірайся! Да Шупенькі выязджаем. Кабана ў яго скралі.
– Дык што: і забойства, і крадзёж?
– Там разьбяромся! – рыпнуў зубамі Стралкоўскі. І, наколькі магла дазваляць яму камплекцыя, паспрабаваў выбегчы зь дзяжуркі да машыны, аднак урэзаўся плечуком аб вушак дзьвярэй ды ддакладна бразнуўся б на падлогу, каб ня верны памочнік Малюк, які аддана падхапіў сытнога ды пьянога начальніка пад белыя рукі.
Праз