.
апошніх сілаў ды зацягнулі вяроўчыну, колькі маглі. У нейкі момант Грысю падалося, што справа вырашана: кабанчык, лежачы на баку, раптам увесь здрыгануўся, выпрастаў ды адразу падкурчыў пад сябе ўсе чатыры лапы, а з горла ягонага, перацягнутага намёртва, вывалілася спачатку абсьліненая грысева брудная насоўка, потым пачулася перачаўленае булькаценьне, геркаценьне; на шчэць парсючынага падбародьдзя паплыла з пашчы густая сьліна, а потым недзе з саміх вантробаў Магамая папёрла глыбінная хрыпата, якая вельмі нагадвала перадсьмяротную. Грысь для пэўнасьці яшчэ раз тузануў свой канец ды нарэшце адкінуў вяроўку:
– Усё, Марылька, капцы!
Марылька, якая сама ледзь не адчула напраўдзе, што такое “капцы”, раптам выказала абсалютна цьвярозую думку:
– Ты правер…
Грысь зіркануў на жонку, асьцярожна дакрануўся нагою да гладкае кумпячыны, прамармытаў:
– А што правяраць… Нажы давай.
– А як жывы?
– Ды які жывы? Ухадохалі мы яго…
Аднак уся змучаная постаць Марылі выказвала суцэльны недавер. Яна прысела над Магамаем, потым апусьцілася на каленкі, прыклала вуха да ягонага жывата і пачала ўслухоўвацца…
– Ну, што? – смыліла Грысю.
Марыля махнула на яго рукою, каб не перашкаджаў. Яна паслухала ў адным месцы, потым прыклала вуха трохі вышэй, а потым яшчэ вышэй. Затым адарвала голаў ад кабанячага пуза, паціснула плячыма:
– А чорт яго ведае.
– Ну то нясі нажы!
Марылька была памкнулася зь сенцаў, аднак спынілася:
– Ты што, нясмаленага яго?..
Грысь утаропіўся ў марылін рот, нібы адтуль выперла такая лухта, якой яшчэ ня чуў цэлы сьвет. Аднак, пасьля хвіліннае развагі, ён зразумеў, што на гэты раз жонка мае рацыю. Нібы спэцыяльна чакаючы гэтага моманту, у куточку веранды хавалася тое, што трэба: там, прыкрытая дранай анучкаю, пад шапкаю густога пылу стаяла паяльная лямпа. Грысь ўзяў яе ў рукі, страсянуў пыл, пашалёхаў: унутры нешта плёхалася. Зьвіньціў маленькую накрыўку, панюхаў: у нос шыбанула рэзкім пахам бэнзыны.
– Запалкі давай! – загадаў жонцы.
Марылька крутанулася, выбегла зь сенцаў, хутка вярнулася назад з запалкамі. Дрыжачымі рукамі працягваючы іх Грысю, спытала:
– А як хату спаліш?..
– Ты, дурыла, меньш языкам мяньці!
– Ох, Грысю, глядзі!..
– Ды гляджу, не сьляпы ж, тваю маць!
І лямпа шуганула полымем.
Грысь лацьвей ўзяўся за ейную ручку, вольнай рукою ўхапіўся за лапу Магамая ды скіраваў полымя ў вепручыны бок. Але толькі гарачы язык агню лізнуў сьвінячую скуру, як Магамай рохкнуў, пераляканая Марыля, жагнаючыся ды заціскаючы сабе рот, падалася назад, а сам Грысь ледзь не бразнуў паяльную лямпу на падлогу.
– Ажыў, падла! – вычавіў скрозь зубы Чаравячка, гасячы лямпу. – От, паскуда! Ну й чым яго цяпер?..
– Вой, Грысю!..
– Што Грысю? Што Грысю?.. – паўтарыў сьледам за ёю Грысь, і невядома было, на каго ён болей злуецца: на вепрука ці на жонку.
– Неяк бы канчаў ты зь ім, га?..
– Ну